У нядзелю ў Менску прайшоў Дзень беларускай вышыванкі. Больш за тысячу людзей наведалі цеснае памяшканьне на вуліцы Талбухіна. Наступны фэст абяцалі правесьці ў Палацы рэспублікі.
Фэстываль беларускай вышыванкі прайшоў упершыню ў Беларусі. Толькі цягам першых некалькіх гадзінаў прастору «ДК» на вуліцы Талбухіна наведалі каля 1500 чалавек, піша «Радыё Свабода«.
У першай частцы фэстывалю тыя ўдзельнікі, якія яшчэ не маюць вышыванак, маглі іх набыць — прычым як традыцыйныя, гэтак і стылізаваныя сучасныя, якія маюць ужо сваю назву —»вышымайкі» ад пляцоўкі Symbal.by. Апошнія можна было яшчэ і выйграць.
Іх арганізатары разыгралі проста падчас імпрэзы. На кірмашы беларускіх вырабаў, які ў адным месцы сабраў таленавітых беларускіх майстроў, свае творы прэзэнтавалі стваральнікі ўпрыгожваньняў з нацыянальным калярытам «V-ART-@», а ініцыятыва «Беларусам» прадставіла беларускія магніты і сшыткі. Дадаць у свой гардэроб больш нацыянальнага калярыту можна было дзякуючы гальштукам ад «Etno Manufaktura», адзеньню ад «Берагіні» ці «Лічбавай вышыўкі» або майкам ад «Sakolka.by». Можна было набыць можна і разнастайныя сувэніры ад Алены Пянкрат, рэканструкцыі беларускіх дасьпехаў і ўпрыгожваньняў ад «Revival Crafts Studio» і дызайнэрскія мятлікі ад Веранікі Машарскай.
Наведнікі ж мелі магчымасьць не толькі набыць беларускі сымбаль, а ў наўпроставым сэнсе нанесьці яго на цела — дзякуючы адмысловым тату, намаляваным хной ці фарбаю. Прайшлі майстар-клясы па вышыўцы ды вырабах з гліны.
Аўтары беларускай гульні «Паўстанцы» ня толькі распавялі пра свой праект, але і прадставілі магчымасьць удзельнікам фэстывалю самім паглыбіцца ў атмасфэру 1863 года.
У другой — музычнай — частцы выступілі гурты «Бачу ўпершыню», Сяргей Башлыкевіч (Leibonik), Recha, а завяршыў музычнае сьвята гурт Unia.
Колькасьць жа наведнікаў зьдзівіла самых арганізатараў, якія паабяцалі наступную імпрэзу зрабіць у Палацы Рэспублікі. Фэстываль наведалі не толькі беларусы, але і госьці з замежжа. Увагу шмат каго з прысутных выклікалі маладыя людзі ў вайсковай форме, якія на Дзень беларускай вышыванкі прыйшлі ў свой выходны.
Наведнікі зазначалі, што калі ў наўпроставым сэнсе ў невялікім памяшканьні на вуліцы Талбухіна ў сталіцы не было чым дыхаць, то вольнага паветра там было значна больш.
Дзень вышыванкі ладзіцца беларускімі НДА ў межах кампаніі «Зробім лепш».