Чаму жыхарка Менску ў сталым веку зрабіла тату «Пагоня».

Дарослыя дзеці, трохгадовы ўнук, дзясяткі пратэстных акцый, гады працы ў сыстэме адукацыі — Натальля Саматыя з гонарам паказвае «Пагоню» на сваёй руцэ і кажа: «Я яе люблю. Вельмі люблю».

— Вам расказаць, навошта я гэта зрабіла? — сама пытаецца Натальля. — Гэта было натуральнае жаданьне. Ведаеце, я ўжо ў такіх гадах, калі не магу кожнаму тлумачыць, што я нязгодная зь іх меркаваньнем, што мне сумна з гэтымі «ватнікамі» размаўляць. Мне лепш гэта паказаць. Яны гэта бачаць, і яны замаўкаюць. Для іх шок.

Зграбны малюнак на руцэ жанчыны зьявіўся дзякуючы мастаку Дзьмітрыю Траяновічу. Яго параіла дачка Натальлі — Анастасія. Натальля расказвае, што яе просьбай Дзьмітры быў «трохі зьдзіўлены». Сам працэс заняў каля гадзіны. Натальля кажа, што было балюча.

— Але я цярпела, нават ня пікнула! — ганарыцца яна.

Яшчэ некалькі дзён сыходзіла пачырваненьне. Цяпер рука выглядае так, нібыта «Пагоня» на ёй была заўжды. Пытаньню, чаму абралі менавіта «Пагоню», а не, напрыклад, арнамэнт, Натальля нават зьдзіўляецца:

— Я ганаруся тым, што «Пагоня» ў нас ёсьць. Ведаю, канечне, гісторыю. Ведаю, што ў розных краінах маюць «Пагоню». Але я памятаю тыя гады, калі яна была нашым дзяржаўным сымбалем, а пасьля была зрынутая. Я ўсё гэта назірала, і гэта было балюча.

Дзеці тату цалкам ухвалілі. «Мама, ты ўмееш зьдзіўляць», — напісала Натальлі дачка Анастасія, адрэагаваўшы на яе ўчынак.

— Сын спачатку ня надта добра быў настроены, — кажа Натальля. — Але калі пабачыў, то сказаў: «Ну дааа, мёд!».

Але яшчэ больш нэгатыўных рэакцый. Дзіўным чынам яны сканцэнтраваныя ў 53-м тралейбусе, на якім Натальля езьдзіць дахаты. Звычайныя пасажыры ўжо абзывалі яе «бандэраўкай».

— А сёньня ўдарылі па руцэ. Я трымалася за парэнчы. Сядзеў малады мужчына, вельмі звычайны. І ён мяне проста ўдарыў па руцэ, калі я стала выходзіць, — кажа Натальля і дадае. — Але я гэтага не баюся. Мне хочацца паказаць ім, што я не такая, як яны. Я не хачу ім нічога казаць, але я хачу, каб яны гэта ведалі.

Натальлю Саматыя шмат хто ведае як нястомную ўдзельніцу акцый пратэсту. 21 ліпеня ў яе чарговае паседжаньне суду. Яна абскарджвае рашэньне аб прысуджэньні ёй штрафу ў 30 базавых велічынь за ўдзел у сёлетнім Дні Волі. Кажа, што пра сам суд нават ня ведала, а ён адбыўся ажно 5 траўня.

— Пратакол быў складзены не пры мне, з парушэньнямі, ані сьведкаў, анічога. Суд адбыўся безь мяне, мяне ніхто не апавясьціў, — распавядае Натальля, паказваючы стос лістоў зь перапіскі з судовымі інстанцыямі. — Я ведаю, што шмат актывістаў ужо ня ходзіць на суды. Але я лічу, што важна хадзіць. Трэба даводзіць, што ты лічыш гэты суд несправядлівым. Трэба змагацца.

Цяпер буду з радасьцю чытаць, як яны ў пратаколах напішуць «Была Саматыя з «Пагоняй» на руцэ», — жартуе яна.

Сябры-паплечнікі на тату Натальлі адрэагавалі пазытыўна. «Адзін зь іх, малады, пабачыў і кажа: «Натальля! Чаму ты зрабіла гэта першай?!».

— Я яе люблю, вельмі люблю. Была б маладзейшая гадоў на 30, зрабіла б большую, — Натальля з радасьцю яшчэ раз аглядае і гладзіць сваю «Пагоню».

Часам знаёмыя кажуць: «Ты звар’яцела?! Гэта ж на ўсё жыцьцё!», а я адказваю: «А колькі таго жыцьця!?» — сьмяецца жанчына.

Хутка ў яе юбілей. Сын і дачка ўжо купілі ёй квіток на канцэрт «Акіяну Эльзы».

— А я ў захапленьні, — кажа Натальля. — Я прачынаюся і радуюся, што яна ў мяне ёсьць. І я хачу сказаць: я нічога не баюся. Я свабодны чалавек. Я ня раб.

 

 

gazetaby.com

author avatar
Zhukouski Kastus
Только самое горячее

Закрепите на Pinterest

Translate »
Яндекс.Метрика