Чаму беларуская мова ўсё больш цікавіць бізнесоўцаў?

Падведзеныя вынікі фестывалю беларускамоўнай рэкламы і камунікацыі aDNaK!.

Па словах каардынатара грамадскай культурніцкай кампаніі Будзьма беларусаміАлены Макоўскай, у гэтым годзе арганізатары заклікалі рэкламістаў звярнуць увагу на гісторыю як на крыніцу для камунікацыйных праектаў і брэндынгу. Таму і фестываль сёлета называецца ” aDNaK! – ген беларускага крэатыву”.

Як беларуская мова выкарыстоўваецца ў рэкламе і бізнесе — пра гэтасуарганізатары і намінанты конкурсу.

“Аднойчы ўся наша рэклама будзе беларускамоўнай”

Праз дзясяць гадоў ці праз тысячу, але аднойчы ўся рэклама краіны будзе на беларускай мове, такую гучную аптымістычную думку выказаў начальнік аддзела карпаратыўных камунікацый кампаніі Velcom Вячаслаў Смірноў.

— Тэндэнцыя пашырэння беларускамоўнай рэкламы назіраецца ўжо які год запар. Беларуская ідэнтычнасць становіцца ўсё больш папулярнай. За апошнія некалькі гадоў беларускамоўнай рэкламы стала больш як мінімум у паўтары разы. Праз моду і іншыя прылады гэты трэнд запушчаны і будзе развівацца, — тлумачыць сваё меркаванне прадстаўнік адной з найбуйнейшых беларускамоўна накіраваных кампаній.

Вячаслаў Смірноў кажа: калі Velcomпачаў рабіць іміджавую рэкламу беларускамоўнай, то па водгуках тэлегледачоў і кліентаў стала зразумела, што ёй цікавяцца, таму сталі ўжываць родную мову і ў сацыяльных і карпаратыўных праектах. Дарэчы, вынікі сацыяльных апытанняў кампаніі “Будзьма беларусамі!” паказваюць, што 57% спажыўцоў гатовыя бачыць рэкламу на беларускай мове.

Беларуская мова для кампаній — гэта інструмент атракцыі, вяртанне да каранёў і магчымасць падвышаць цікавасць да беларускасці, кажа Вячаслаў Смірноў.

Бізнес перастаў баяцца беларускамоўных праектаў

Крэатыўны дырэктар AIDA Pioneer Branding & Creative Company Зміцер Апаленіспрызнаецца, што у большасці выпадкаў ініцыятыва выкарыстоўваць у рэкламе беларускую мову зыходзіць з боку рэкламных агенцтваў, але ўсё часцей бізнесоўцы не адмаўляюцца ад такой прапановы.

— Бізнес — гэта грошы. І калі прымаецца рашэнне аб тым, каб траціць грошы і камунікаваць на пэўнай мове, варта прадугледзець, ці спадабаецца гэта спажыўцу. І калі раней амаль усе баяліся беларускай мовы: маўляў, навошта гэта патрэбна, то цяпер, калі з’явіліся вялікія праекты Samsung, Velcom, “Аліварыі”, грамадства да гэтага стала прызвычайвацца, — кажа Зміцер Апаленіс.

Калі крупныя кліенты задумваюцца над пераходам рэкламы на беларускую мову, яны праводзяць даследаванні. Вынікі апытанняў сведчаць, што аўдыторыя не супраць беларускай мовы. Вось чаму бізнес спачатку пачынае ствараць маленькія беларускамоўныя праекты, а потым пераходзіць на больш глабальныя.

Беларуская мова дапамагае дыферэнцыравацца ад канкурэнтаў. Але мова — гэта перш за ўсё прылада, таму, акрамя яе наяўнасці, распрацоўваюцца якасны прадукт і мэта рэкламы.

— Напрыклад, нядаўна мы працавалі з кампаніяй, якую ўсе лічылі кітайскай. Вось у гэтым выпадку камунікацыя па-беларуску была найлепшым крокам, каб паказаць, што насамрэч яны беларусы, — расказывае крэатыўны дырэктар агенцтва.

Зміцер Апаленіс не згодзен з тым, што праз колькі год уся рэклама будзе беларускамоўнай.

— Мой прагноз, што яе будзе больш і больш, але немагчыма перавесці ўсю камунікацыю на беларускую мову. Застаецца вялікая частка грамадства, якая аддае перавагу рускай мове. Мэта рэкламы ў тым, каб прадаваць тавар. Калі ў краіне амаль 50% людзей, якім няма ніякай справы да мовы, ці яны рускамоўныя, то на іх немагчыма ўздзейнічаць рэкламай на беларускай мове. Гэта значыць, што частка бізнесу яшчэ вельмі доўга не пойдзе на тое, каб загадзя неэффектыўна камунікаваць са сваёй аўдыторыяй, — тлумачыць суразмоўца Заўтра тваёй краіны .

Сустаршыня Аргкамітэта Фестывалю aDNaK! Сяргей Скараход  кажа, што па інфармацыі некаторых агенцтваў, з боку бізнесу ёсць запыт на беларускамоўную камунікацыю.

— Калі ёсць запыт і разуменне з боку буйных кампаній, каб рабіць якія-небудзь праекты на беларускай мове альбо з беларускай сутнасцю, тады да гэтага далучаюцца буйныя рэкламныя агенцтвы, якія робяць больш якасны прадукт, чым невялікія пачынаючыя канторы. У гэтым спалучэнні атрымліваецца хуткі рух да якасці візуальнай прадукцыі, — упэўнены Сяргей Скараход.

Беларусь — гэта не толькі лапці і бульба

Арт-дырэктар праекта “Business in Belarus. Recipe book” Зміцер Вайноўскірасказывае, што сумесна с Нацыянальным агенцтвам інвестыцый і прыватызацыі яны распрацавалі кнігу, якая зменіць стэрэатыпы аб Беларусі як калгаснай краіне. Асноўная мэта праекта — падвысіць інвестыцыйную прывабнасць краіны. І зрабілі гэта праз нацыянальную кухню і вядомых бізнесоўцаў.

Калі ідзе гаворка аб беларускай культуры, у большасці беларусаў і замежнікаў узнікаюць пэўныя асацыяцыі. Зміцер Вайноўскі ўпэўнены, што можна прасоўваць Беларусь праз яе культуру на больш высокім узроўні.

— У беларускай культуры ёсць шмат якасных інструментаў, якія можна выкарыстоўваць для прасоўвання кампаніі, брэнду, паслуг. Але, на жаль, грамадства і бізнесоўцы часам не ведаюць гэтага і асацыіруюць нашу культуру з саломкай і лапцямі, — каментуе рэкламіст.

І прызнаецца, што не бачыць на беларускім рынку самаідэнтыфікаванага бізнэсу. Але праекты па падвышэнні цікавасці да беларускай культуры будуць спрыяць гэтаму працэсу.

Даведка “Заўтра тваёй краіны”

Фестываль беларускамоўнай рэкламы і камунікацыі aDNaK! праходзіць у сёмы раз.  Сродкі на правядзенне фестывалю збіралі праз краўдфандынгавую пляцоўку Ulej.by.

Арганізатары расказалі, што скарачэнне рэкламнага рынку на 30%, звязанае з эканамічным крызісам, паўплывала і на колькасць удзельнікаў.

Сёлета на фестываль прыйшло 285 заявак ад 135 удзельнікаў. 16 з іх занялі першае месца ў конкурсе, 32 — другое, 42 — трэцяе, 3 сталі уладальнікамі Гран-пры, 2 атрымалі спецыяльныя прызы.

 

 

zautra.by

 

 

 

 

author avatar
Zhukouski Kastus
Только самое горячее

Закрепите на Pinterest

Translate »
Яндекс.Метрика