Site icon Spasemstranu

«Будзьма беларусамі!» распачала праект, прысвечаны ахвярам савецкіх рэпрэсій

Кампанія «Будзьма беларусамі!» распачала мультымедыйны праект «Будзьма памятаць!», прысвечаны ахвярам савецкіх рэпрэсій.

Памяць пра многія падзеі сціраецца, месцы расстрэлаў зарастаюць травой, а будынкі набываюць сучасны выгляд і нічым не нагадваюць пра трагічныя падзеі тых часоў. Практычна па ўсёй нашай краіне раскіданыя непрыкметныя цяпер мясціны, дзе прыводзіліся ў выкананне прысуды «троек», а несправядліва абвінавачаныя знаходзілі свой спачын. Пра іх важна ведаць і памятаць, каб трагедыя, што нанесла непаўторную шкоду беларускаму народу, не паўтарылася.

Новы мультымедыйны праект кампаніі «Будзьма беларусамі!» дасць магчымасць з іншага ракурсу паглядзець на быццам добра вядомыя Бабруйск, Слуцк, Вілейку, Жлобін ды іншыя гарады і вёскі Беларусі, асабліва тыя, што ўжо ў канцы 1920-х пачалі падвяргацца прымусовай калектывізацыі. Матэрыялы праекта распавядуць пра некаторыя малавядомыя мясціны нашай краіны, якія не абмінулі рэпрэсіі: як пра месцы расстрэлаў, так і пра турмы, дзе ўтрымлівалі і дапытвалі рэпрэсаваных. Перад чытачамі паўстануць гісторыі простых людзей, якія сталі ахвярамі жорсткай эпохі.

Тэксты падрыхтаваў калумніст budzma.by Дзяніс Пыхалаў, а іх мастацкае аздабленне зрабіў вядомы фатограф Андрэй Лянкевіч.

Першы матэрыял прысвечаны вёсцы Сілівонаўка, што ля Жлобіна.

 

 

 

TUT.BY

Exit mobile version