Больш за 420 тыс. літраў піва рэалізавана ў сталіцы падчас ЧС па хакеі

c17f8991 49ad 4ecc 80d9 4ee4d2fa79a7Тавараабарот за 17 дзён правядзення чэмпіянату свету па хакеі (з 9 па 25 мая) толькі на дзвюх арэнах, у фан-зонах і трох зонах гасціннасці ў Мінску склаў 46 млрд. рублёў.

Рэалізавана больш за 420 тыс. літраў піва, 27 тон шашлыку, больш за 53 тоны каўбасак і курыных крыльцаў грыль, паведамляе галоўнае ўпраўленне спажывецкага рынку Мінгарвыканкама.

На “Мінск-Арэне” рэалізавана прадукцыі на 14 млрд. рублёў, прададзена 127 тыс. літраў піва; на “Чыжоўка-Арэне” — на 5,9 млрд. рублёў (52 тыс. літраў піва); каля Палаца спорту — на 18,2 млрд. рублёў (96 тыс. літраў), а таксама прыблізна 20 тон шашлыку і сувеніраў больш як на 1 млрд. рублёў. Зону гасціннасці ў Студэнцкай вёсцы наведалі больш як 122 тыс. чалавек, тут прадукцыі прададзена на 6,8 млрд. рублёў, піва — 140 тыс. літраў. У раёне Мінскага лядовага палаца спорту прададзена прадукцыі на 1 млрд. рублёў, сувеніраў — на 27,5 млн. рублёў, 4,5 тыс. літраў піва.

Аб’ём рознічнага тавараабароту аб’ектаў грамадскага харчавання за 17 дзён на “Мінск-Арэне” і “Чыжоўка-Арэне” склаў прыблізна 20 млрд. рублёў.

Самай вялікай і папулярнай была зона гасціннасці каля Палаца спорту. Тут на плошчы ў 13 тыс. кв. метраў працавалі буйныя гандлёвыя прадпрыемствы, былі арганізаваныя больш як 2 тыс. пасадачных месцаў, у абслугоўванні задзейнічаныя прыкладна 400 работнікаў гандлю. Штодзённа пляцоўку наведвалі прыблізна 120 тысяч чалавек. Зона гасціннасці працавала да апошняга пакупніка, фактычна з 10.00 да 3.00-4.00 наступнага дня.

“Станоўчыя водгукі аб высокім узроўні абслугоўвання і якасці прапанаваных страў беларускай кухні паступалі ад гасцей чэмпіянату па ўсіх зонах гасціннасці і спартыўных арэнах штодзённа. Падчас правядзення паўфіналаў і фіналу найбольшым попытам у гасцей турніру карысталіся стравы з грыль-меню, шашлык і марожанае беларускай вытворчасці”, — паведамляе галоўнае ўпраўленне спажывецкага рынку Мінгарвыканкама.

У зонах гасціннасці каля Палаца спорту і ў Студэнцкай вёсцы штодзённа рэалізоўваліся больш як 600 кг дранікаў са смятанай, якія сталі хітом продажу. Самымі папулярнымі стравамі ў аб’ектах грамадскага харчавання, што былі размешчаны ў горадзе, сталі дранікі ва ўсіх варыянтах: з белымі грыбамі і соусам, фаршыраваныя з мясам у гаршчочках, са скваркамі, са смятанай і інш. Апрача дранікаў у рэстаране “Камяніца” прыйшліся даспадобы такія нацыянальныя стравы, як грыбны суп і салянка з брусніцамі.

Папулярнасцю ў наведвальнікаў карысталіся закуска сялянская, верашчака з блінамі, рыбнік з тоўчанай бульбай і белым соусам, пячыста са свінога кумпяка з бульбай, гуляш па-радзівілаўску з грэцкай кашай. Адзначаўся попыт на алкагольныя напоі айчыннай вытворчасці.

Асноўнымі наведвальнікамі аб’ектаў грамадскага харчавання былі прыхільнікі хакея з Расіі, Казахстана, Чэхіі і Фінляндыі.

БелаПАН

author avatar
Zhukouski Kastus
Только самое горячее

Закрепите на Pinterest

Translate »
Яндекс.Метрика