Беларускія спэцслужбы ідэнтыфікавалі некаторых байцоў добраахвотніцкага атраду «Пагоня», і тыя, хутчэй за ўсё, ужо ня вернуцца ў Беларусь, бо апасаюцца рэпрэсіяў. Пра гэта Радыё Свабода паведаміў намесьнік старшыні Валынскай абласной рады Ігар Гузь — адзін з арганізатараў атраду «Пагоня» з украінскага боку.
Паводле Ігара Гузя, на сёньняшні дзень на фронце ў Данбасе застаецца частка байцоў «Пагоні», але большасьць добраахвотнікаў выведзеныя ў Заходнюю Ўкраіну. Некалькі чалавек — у шпіталях зь лёгкімі раненьнямі, некаторым патрэбная псыхалягічная рэабілітацыя пасьля ўдзелу ў цяжкіх баях, у тым ліку пад Ілавайскам. Яшчэ некалькі беларусаў зьехалі за мяжу, дзе стала пражываюць.
Але ўсе байцы «Пагоні» гатовыя зноў адправіцца на фронт, калі перамір’е захаваць ня ўдасца, кажа спадар Гузь.
Беларусы былі ў «катле» пад Ілавайскам
Тыя беларускія байцы, зь якімі меў зносіны Гузь, нэгатыўна ўспрынялі замірэньне і прыняцьцё закону аб адмысловым статусе Данбасу.
«На фронце і беларусы, і ўкраінцы, тыя, хто з аўтаматам у руках ваюе, — яны лічаць, што гэта не зусім правільны падыход. Але тут ёсьць дыскусія: украінцы падзяліліся, ёсьць розныя меркаваньні. У прынцыпе, калі казаць пра людзей, якія не на фронце, яны хутчэй падтрымліваюць, таму што гэта мір. Але тыя байцы, якія знаходзяцца там, яны крытычна ставяцца да гэтага пытаньня», — кажа Ігар Гузь.
Спадар Гузь апавёў, што беларускія добраахвотнікі былі ў «катле» пад Ілавайскам і там змагаліся з кадравымі расейскімі вайсковымі часьцямі:
«Усе тыя, хто быў там у „катле“, яны мелі кантакт з расейскімі войскамі ў той ці іншай ступені. Нават калі цябе там б’юць з „Градаў“ — гэта таксама кантакт, таксама сутыкненьне канкрэтна з расейцамі, а не з тэрарыстамі-сэпаратыстамі», — падкрэсьлівае Гузь.
Ахвяраў сярод байцоў «Пагоні» на сёньняшні дзень няма, ёсьць толькі параненыя. Але беларусы ваююць ня толькі ў атрадзе «Пагоня», і ці ёсьць загінулыя сярод іх — невядома, кажа Ігар Гузь:
«Акрамя „Пагоні“, ёсьць яшчэ шмат беларусаў, то бок людзей, якія запісваліся ў батальёны, у асноўным добраахвотніцкія, з уласнай ініцыятывы. Ёсьць тыя, хто жыў ва Ўкраіне, ёсьць грамадзяне Ўкраіны, але беларусы па нацыянальнасьці. Такіх людзей шмат. Але яны не задзейнічаныя ў сетцы „Пагоні“».
«Пагоня» на ўзор УПА
На фронце добраахвотніцкі атрад «Пагоня» не існуе ў выглядзе асобнага падразьдзяленьня. Беларускія байцы падзеленыя сярод розных часьцей, але сярод іх ёсьць агульная каардынацыя, кажа Ігар Гузь:
«Яны аб’яднаныя, у іх ёсьць камандзір, але як асобнай структуры іх няма. Вы разумееце, мы баімся, што агентура КДБ можа пракрасьціся ў структуру „Пагоні“, і калі гэта будзе група, скажам, 30 чалавек, якія ваююць адным атрадам, то іх вельмі проста вылічыць. Схема Ўкраінскай паўстанцкай арміі была вельмі простая: гэта былі групы 3-5-7 чалавек, якія былі аўтаномныя, якімі кіравалі камандзіры, і толькі яны ведалі гэтых людзей. Вось такую сыстэму мы зараз адаптавалі пад атрад „Пагоня“. Гэта правільна. І, скажам, байцы з аднаго міні-атраду могуць ня ведаць іншых хлопцаў — ведаюць толькі камандзіры».
Падзел байцоў «Пагоні» на асобныя групы мае сэнс яшчэ і таму, што беларусы на фронце нясуць дадатковую прапагандысцкую місію: яны дэманструюць, што супраціў расейскай агрэсіі — гэта праблема ня толькі Ўкраіны, але і сумежных краін, — кажа спадар Гузь:
«Зразумела, што некалькі дзясяткаў байцоў „Пагоні“ надвор’я на фронце не рабілі і ня зробяць. Але з пункту гледжаньня прапаганды, з пункту гледжаньня салідарнасьці паміж нашымі народамі гэта вельмі добра», — падкрэсьлівае Гузь.
«Выявіць і рэпрэсаваць»
Ігар Гузь адзначае, што цяпер, у сувязі зь ціскам беларускіх спэцслужбаў, атрад «Пагоня» стараецца не даваць амаль ніякай інфармацыі пра сваю дзейнасьць, а байцы не згаджаюцца на інтэрвію нават на ананімнай аснове.
Апошнім часам адбыліся кібэратакі на акаўнты «Пагоні» ў сацыяльных сетках, электронную пошту ўзламалі, а рахунак атраду на PayPal заблякавалі.
«Ёсьць байцы, якіх вылічылі, калі яны перасякалі мяжу з Украінай, ёсьць байцы, да якіх дамоў прыходзілі супрацоўнікі міліцыі, ёсьць факты ўзломаў іхніх старонак у інтэрнэце. Ну вось такія дзеяньні: з мэтай ня столькі лякалізаваць гэты працэс, колькі выявіць удзельнікаў „Пагоні“ і далей рэпрэсаваць іх», — адзначае Гузь.
На тэрыторыі Ўкраіны беларускія спэцслужбы ніякіх дзеяньняў супраць байцоў «Пагоні» не рабілі. Пра затрыманьні ці арышты ў Беларусі добраахвотнікаў або тых, хто ім дапамагае, інфармацыі таксама няма. Але сытуацыя ўсё роўна застаецца напружанай.
«Некалькі байцоў, якія ўжо засьвяціліся, трапілі пад такі прэсінг псыхалягічны. Гэта цяжка — разумець, што ты тут ваюеш, а там засталіся твае родныя, і заўтра ты можаш ня ўехаць у Беларусь, будуць крымінальныя справы… То бок гэта вельмі складана», — распавядае Гузь.
Некаторыя байцы «Пагоні» ўжо, хутчэй за ўсё, ня вернуцца ў Беларусь, кажа ён:
«Ёсьць хлопцы, якія ня тое каб баяцца, але ня хочуць падстаўляць сваіх родных і пасьля гэтай сытуацыі на доўгі час застануцца ва Ўкраіне або ў заходніх краінах. Таму што ў нас ужо ёсьць інфармацыя, што іх выявілі, ідэнтыфікавалі, і ім вяртацца сёньня ў Беларусь немэтазгодна», — кажа Ігар Гузь.