Беларускамоўная ялінка для дзетак у Гомлі I Елка для детей в Гомеле

Без Дзеда Мароза, Снягуркі, але з батлейкаю, карагодамі, гульнямі ды забавамі. У Гомлі прайшла адзіная ў горадзе беларускамоўная ялінка для дзетак, якую зладзіў філіял Веткаўскага музею стараабрадніцтва і беларускіх традыцыяў разам з «Таварыствам беларускай мовы».

https://youtu.be/mG5vlpEY5Ps

«Нашая асноўная мэта – паказаць, што ялінка можа быць вось такая. Беларуская, сапраўдная, з той жа самай батлейкай, з тымі самымі ж казкамі. І няхай тут няма Дзеда Мароза са Снягуркай, магчыма, дзеці іх у нейкіх іншых месцах сустрэнуць, але тут збярэцца пэўнае асяроддзе», – мяркуе Пятро Цалка з Гомельскага філіялу Веткаўскага музею стараабрадніцтва.

Сярод гэткага пэўнага асяроддзя – каля 20-ці дзетак ды столькі ж дарослых удзельнікаў ялінкі.

«Гэта альтэрнатыўны Новы год. Ён паказвае культуру святкавання беларусаў менавіта, а не нейкіх Санта-клаусаў і Дзедаў Марозаў замежных, таму гэта цікава не толькі дзецям, але і іх бацькам», – кажа заснавальніца гуртка «Мова дзяцей» Алеся Аўласевіч.

Падчас ялінкі дзеткі ды іхныя бацькі ўзялі ўдзел у нацыянальных абрадах – напрыклад, калядавалі разам з казой, танчылі карагоды, малявалі ды спявалі традыцыйныя калядныя песні. А яшчэ пабачылі калядныя замалёўкі беларускага народнага тэатру лялек – батлейкі.

«Калі мы абралі для жыцця гэтую краіну, то павінныя ведаць родную мову і вучыць ёй сваіх дзяцей», – адзначае наведніца ялінкі для дзяцей ЛюдмілаСубоціна.

Ялінка для дзетак у Гомлі праходзіць ужо другі раз. Сваёй мэтай арганізатары ставяць адраджэнне традыцыйнага святкавання Калядаў і Новага года, а таксама цікавасці самых беларусаў ды іхных дзетак да роднай мовы і традыцыйнай народнай культуры.

 

belsat.eu

Закрепите на Pinterest

Translate »
Яндекс.Метрика