Наша краіна, што нядаўна стала першай па алкаголю, паводле іншых рэйтынгаў трапіла яшчэ і ў дзясятку галоўных спажыўцоў цыгарэт.
Рэйтынг, складзены па колькасці выпаленых за год цыгарэт, апублікавала інтэрнэт-выданне «Наша планета» са спасылкай на Tobacco Atlas — онлайн-рэсурс Амерыканскага таварыства барацьбы з ракам. Гэты рэсурс адсочвае сусветныя навіны аб спажыванні тытуню і хваробах з-за яго ў розных краінах.
Беларусь ў рэйтынгу займае 9-е месца: па дадзеных выдання, на аднаго чалавека ў год у нашай краіне прыпадае 2266 цыгарэт. Наперадзе нас — Боснія і Герцагавіна (2278), Славенія (2369), Украіна (2401), Малдова (2479), Расея (2786), Грэцыя (2795), Балгарыя (2822).
Ну а лідэр рэйтынгу — Сербія, там чалавек выкурвае ў сярэднім 2869 цыгарэт у год.
У 2008 годзе Беларусь афіцыйна была ў першай дзясятцы краін, якія найбольш паляць: па дадзеных Сусветнай арганізацыі аховы здароўя (СААЗ), наша краіна займала шостае месца — тады ў нас дыміла 42,4% насельніцтва. Але ў 2013 годзе з паказчыкам 24% Беларусь выйшла за межы дзясяткі, заняўшы, па версіі СААЗ, ужо больш радаснае 11-е месца.
Паводле дадзеных выбарачнага абследавання Нацыянальнага статыстычнага камітэта, цяпер у Беларусі паляць 25,1% дарослага насельніцтва.
— Дакладную лічбу даць складана, паколькі кожнае даследаванне — працэс выбарчы, — распавёў Уладзімір Максімчук, намеснік сектарам наркалогіі Рэспубліканскага навукова-практычнага цэнтра псіхічнага здароўя. — Але нават калі браць за аснову нашы дадзеныя, дзе не ўлічаны непаўналетнія, сярод якіх шкодная звычка таксама распаўсюджаная, — гэта ўсё роўна шмат. Курэнне падрывае здароўе, і гэта прызнаны факт. Сярод тых, хто пакутуе лёгачнымі захворваннямі, 65 — 70% — курцы. Праблема ёсць, і прымаць меры па яе рашэнню трэба.
Дарэчы, з-за дадзеных пра п’янства і курэнне Беларусь заняла 9-е месца ў рэйтынгу амаральных краін свету ад агенцтва Bloomberg. А першынства дасталася Чэхіі, піша КП.