Легендарныя выканаўцы адыходзяць, але памяць аб іх творчасці жыве гадамі ў сэрцах прыхільнікаў. Народнага песняра няма ўжо 12 гадоў, а дзень нараджэння дагэтуль адзначае ўся Беларусь. Ён здолеў стаць сімвалам беларускага мастацтва, адрадзіць народную песню і пазнаёміць з культурай нашай Айчыны ўвесь свет! Мулявін пражыў 61 год і пайшоў у росквіце творчых сіл. Штогод дзень яго нараджэння — гэта падстава для творчых сустрэч прыхільнікаў і паслядоўнікаў таленту Уладзіміра Мулявіна. І сёння адразу на дзвюх канцэртных пляцоўках Мінска прагучалі праекты-прысвячэнні Майстру.
Філарманічная сцэна — знакавая ў жыцці Уладзіміра Мулявіна. Тут нараджаліся амаль усе яго праграмы. І хоць беларускага народнага артыста Беларусі віталі буйныя пляцоўкі Масквы і Піцера, Еўропы і Амерыкі, музыкант заўсёды вяртаўся на сваю родную сцэну. І яна адказвала яму ўдзячнасцю — ужо больш за дзясятак гадоў, як песняра няма з намі, а тут яго чакаюць і слухаюць!
Паводле традыцыі, у дзень нараджэння маэстра Белдзяржфілармонія збірае яго прыхільнікаў: тут музей імя музыканта і сцэна, на якой Нацыянальны акадэмічны народны аркестр імя Жыновіча не першы год выконвае як самыя культавыя шлягеры «Песняроў», так і рэтраспекцыі малавядомага і амаль паўзабытага з іх рэпертуару, паведамляе «БТ«
У цэнтры сённяшняй двухгадзіннай праграмы — амаль прэм’ера. 35 гадоў таму Мулявін выканаў напісаную ім жа песню на верш Янкі Купалы «Я не паэта»… Партытуру да ўзнаўлення дала ўдава песняра Святлана Пенкіна. Аранжыроўка — Ігара Паліводы. Новае жыццё твору-юбіляру далі музыканты аркестра імя Жыновіча.
Кампазітар і музыкант, які агучыў радкі Багдановіча, Коласа, Куляшова, спазнанне беларускага слова Мулявін пачынаў менавіта з твораў Івана Дамінікавіча Луцэвіча. Купалу спявак называў любімым паэтам. Дзякуючы яму палюбіў і Беларусь. У рэпертуары «Песняроў» — з тры дзясяткі песень паводле Купалы, опера-прытча «Песня пра долю», рок-опера «Гусляр», але сёння ў канцэрце ўзгадалі самы першы «пракупалаўскі» праект — «Я нясу вам дар»…
У гонар дня яго нараджэння не толькі паэзія і музыка, але і драма. На сцэне Рэспубліканскага палаца культуры прафсаюзаў прэм’еру -спектакль «Пясняр» — паказала трупа Рускага тэатра імя Горкага. У біяграфічнай п’есе спроба расказаць пра самога Мулявіна. Зрэшты, постаць Купалы ў спектаклі таксама, як найважнейшая ў творчым натхненні песняра.
Спектакль «Пясняр» сёння — як дабрачынная акцыя. Усе сродкі ад яго пойдуць на аплату кошту работ па стварэнні і ўсталяванні помніка Уладзіміру Мулявіну на яго радзіме. Шостага кастрычніка мінулага года ў Екацерынбургу адбылася ўрачыстае адкрыццё скульптурнай кампазіцыі аўтарства Сяргея Логвіна.