Бацькі паскардзіліся ў пракуратуру на незаконнае затрыманне іх непаўнагадовых дзяцей

Група бацькоў  школьнікаў г.Гомеля звярнулася да пракурора горада са скаргай на супрацоўнікаў міліцыі Савецкага РАУС, якія, на іх думку, абсалютна незаконна і беспадстаўна 3 мая затрымалі ў скверы ля кінатэатра «Кастрычнік» іх дзяцей.

«Гэта была нядзеля — узгадвае абставіны затрымання Павал Курловіч — недзе ў абед мы з сябрамі сабраліся ў скверы ля кінатэатра пагуляць у футбол. Прыкладна ў 17.00 мы пайшлі ў краму «Аркадзія». Як толькі выйшлі з крамы, нас паклікалі да сябе супрацоўнікі міліцыі. Мы падыйшлі, яны загадалі нам сесці ў міліцэйскі аўтобус. Мы запыталіся, што здарылася, у адказ пачулі, што, маўляў, у міліцыі паведамяць. Нам нічога не заставалася як сесьці ў аўтобус. Калі нас прывезлі ў міліцыю, там ужо знаходзілася прыкладна 25-30 маладзёнаў. Нават была адна дзяўчына, яе затрымалі разам з яе хлапцом. У нас узялі адбіткі пальцаў, праверылі ці не п’яныя мы, ці не пад наркотыкамі. Пратакола не складалі, узялі толькі тлумачэнне. У міліцыі мы даведаліся, што мы падазраемся ў масавай бойцы. Запыталіся нашыя дадзеныя, што мы рабілі ў скверы, хто паклікаў гуляць у футбол, ці ведаем мы вуліцу Мільчанскую, маўляў, там быў здзейснены крадзёж, дык вось, ці не датычны мы да яго. Некаторых з нас абшуквалі».

«Міліцыянты забаранілі нам тэлефанаваць нашым бацькам — працягвае іншы затрыманы Ігар Аліеў. Нехта з нас спрабаваў зняць на мабільны тэлефон тое, што з намі адбываецца, міліцыянты сказалі, што разаб’юць тэлефон».  

Праз тры гадзіны маладзёны нарэшце звязаліся са сваімі бацькамі. Першай прыехала маці Паўла Курловіча сп. Ніна. «Я зыпаталася ў намесніка начальніка Савецкага РАУС падпалкоўніка Шведава на якой падставе затрымалі майго сына і яго сяброў. Ён адказаў, што яны, міліцыя, папярэдзілі бойку.  Ён сказаў, што павінна была быць бойка, і яны яе прадухілілі. Ім, нібыта, паступіла інфармацыя пра маючую адбыцца бойку ў скверы і яны затрымлівалі ўсіх маладзёнаў з гэтай нагоды. І яшчэ ён дадаў, што мой сын апынуўся не ў тым месцы, не ў той час».

На наступны дзень бацькі дзяцей даведаліся, што міліцыя паведаміла пра затрыманне ва ўсе навучальныя ўстановы.  У раённыя аддзелы адукацыі з Савецкага РАУС прыйшла папера з прозвішчамі затрыманых навучэнцаў. З гэтай нагоды дзяцей збіраюцца паставіць на ўлік ў камісіі па справах непаўнагадовых.

«Як можна так рабіць міліцыі? — абураецца бацька затрыманага хлапца Аляксандр Суслін — ламаюць дзецям жыццё. Незаконна самі затрымалі. Здзейснілі правапарушэнне. Якая гэта міліцыя? Які можа быць да яе давер і павага, калі такое адбываецца?  Сярод белага дня без дай прычыны затрымліваюць непаўнагадовых. Мы проста ў шоку ад таго, што адбылося з нашымі дзецьмі.».

Бацькі затрыманых дзяцей настроены рашуча і маюць намер дамагчыся, каб службовыя асобы, адказныя за назаконнае затрыманне, панеслі адказнасць за супрацьпраўныя дзеянні.

«Мы гэта так не пакінем — эмацыйна кажа маці Ігара Аліева Алена Гайдзечка. Пасля раённай пракуратуры, мы маем намер скардзіцца ў Генеральную пракуратуру, вышэйшаму міліцэйскаму кіраўніцтву. Апроч таго, мы хочам знайсці максімальную колькасць пацярпелых ад міліцэйскага свавольства. Мы далі абвесткі ў газеты і сацсеткі, хочам знайсці іншых дзяцей, каб, надалей разам скардзіцца. І, канешне, хочам прыцягнуць увагу грамадскасці да гэтай сітуацыі праз СМІ».

 

Гомельская Вясна

Закрепите на Pinterest

Translate »
Яндекс.Метрика