Адшуканая невядомая раней беларуская паэма пачатку ХІХ стагоддзя

Знайшоў гэты ўнікальны тэкст у кракаўскіх архівах Лявон Баршчэўскі. Унікальны, бо XVIII і першая палова ХІХ стагоддзя лічылася «цёмным перыядам» для беларускай літаратуры, ад якога амаль не захавалася тэкстаў па-беларуску.

26 лістапада для не абыякавых да літаратуры беларусаў — дзень сімвалічны.

У 1855 годзе ў гэты дзень памёр наш вялікі зямляк Адам Міцкевіч, у гэты ж самы дзень, але ў 1930 годзе, нарадзіўся іншы наш вялікі зямляк, Уладзімір Караткевіч. Сёлетні дзень 26 лістапада быў для мяне чарговым днём працы ў аддзеле рукапісаў кракаўскай бібліятэкі князёў Чартарыйскіх, куды мне ўдалося трапіць дзякуючы пратэкцыі майго даўняга калегі па Вярхоўным Савеце 12-га склікання, цяпер прафесара гісторыі, Валянціна Голубева.

Гэта быў трэці дзень перагляду мною так званага «шчучынскага» архіву Друцкіх-Любецкіх.

Адна з самых тоўстых тэчак рукапісаў была запоўненая ў асноўным літаратурнымі тэкстамі — вершамі, п’есамі, казанямі, легендамі на польскай, французскай, лацінскай, нямецкай мовах… Недзе на дне душы варушылася надзея, што, паколькі архіў паходзіць з нашага Шчучына, у ім могуць апынуцца і тэксты на беларускай мове.

Адзін з такіх тэкстаў урэшце трапіўся: гэты была версія вядомага верша Яна Баршчэўскага «Рабункі мужыкоў» («Бунт хлопаў»), перапісаная, відавочна, нейкім судовым пісарам, з устаўленнем недарэчных там рускіх слоў, кірыліцай (магчыма, гэта была копія тэксту, знойдзенага нашымі даследчыкамі ў следчай справе Паўлюка Багрыма?).

І вось калі я ўжо збіраўся здаваць тэчку прыязнай супрацоўніцы архіва, на самым яе дне я раптам заўважыў складзены ўдвое аркуш паперы з напісаным па-польску загалоўкам «Рускі верш».

Учытаўся ў тэкст і ўбачыў, што твор напісаны лацінкаю, але па-беларуску! Тут жа сеў яго перапісваць на чыстых аркушах паперы. Твор аказаўся немалым — 206 вершаваных радкоў.

paema

Скапіраваўшы яго, я выйшаў у калідор і патэлефанаваў у Варшаву Міколу Хаўстовічу, падзяліўшыся весткай пра зробленую знаходку (фотакопію якой я выслаў яму электроннай поштай у той жа вечар). Назаўтра атрымаў ад яго меркаванне, што гэты твор можа быць варыянтам даўно вядомай і ўпершыню запісанай яшчэ ў 1848 годзе вершаванай гутаркі «Вось цяпер які люд стаў».

Параўнаць тэксты абодвух твораў я папрасіў аўтарытэтнага ў гэтай праблематыцы Язэпа Янушкевіча. Праз некалькі дзён я атрымаў ад Язэпа віншаванне:

знойдзены мною ў кракаўскім архіве тэкст калі і мае некалькі тэкстуальных супадзенняў з тэкстам раней вядомай гутаркі, але можа цалкам разглядацца як раней невядомы твор айчыннай літаратуры пазамінулага стагоддзя!

У кожным разе, гэтая версія мае шанец быць найбольш блізкай да аўтэнтыка твора, напісанага, на думку Янушкевіча, недзе ў пачатку ХІХ стагоддзя. Бо яна і паўнейшая, і больш арыгінальная з моўнага гледзішча, у параўнанні з гутаркай «Вось цяпер які люд стаў».

Паводле жанру маю знаходку можна ахарактарызаваць як вершаваную казань, у той час як вышэйзгаданая гутарка — гэта, хутчэй сацыяльна дыдактычная паэма…

Наступны мой прыход у архіў практычна пацвердзіў Язэпаву здагадку: усе датаваныя дакументы з гэтай часткі тэчкі пахордзяць з перыяду 1812—1825 гадоў, а наступны дакумент, што ляжыць побач з беларускай паэмай, мае нават дакладную дату — 12 чэрвеня 1824 года! Трэба заўважыць, што ўсе дагэтуль вядомыя беларускамоўныя вершаваныя творы першай трэці ХІХ стагоддзя былі ўжо вядомыя (і збольшага апублікаваныя) за царскім часам.

Хто можа быць аўтарам «Верша аб рэлігіі і абычайнасці»?

На жаль, матэрыялы архіва Друцкіх-Любецкіх не даюць ніякіх, хоць бы ўскосных намёкаў на гэта. Але,

калі пафантазіраваць (асабліва звярнуўшы ўвагу на радкі: «Як станем на Страшным Судзе // Нядобра там такім будзе»), дык можна сабе ўявіць аўтарам і… самога Адама Міцкевіча!

Чаму не? У кожным разе, моўныя асаблівасці тэксту з вялікай доляй верагоднасці сведчаць, што ніводзін з вядомых паводле імя на той час беларускамоўных паэтаў (Ян Баршчэўскі, Ян Чачот, Вікенцій Равінскі) аўтарам гэтага твора быць не мог.

Спяшаюся падзяліцца фрагментамі (128 радкоў з 206-ці) знойдзенага тэксту. Тэкст для гэтай публікацыі быў перароблены на кірыліцу і крыху адаптаваны да сучаснага правапісу.

Навуковую публікацыю поўнай арыгінальнай версіі планую падрыхтаваць у супрацоўніцтве з Міколам Хаўстовічам і Язэпам Янушкевічам крыху пазней.

Ну, а ўжо 22 снежня пасля чарговага прагляду той самай тэчкі «за чатыры дакументы» перад «Вершам аб рэлігіі і абычайнасці» я ўбачыў яшчэ адзін беларускамоўны твор — велікодную жартаўлівую песню без назвы на 34 радкі, таксама запісаную лацінкай!

Але гэты тэкст, з прычыны спецыфічнага почырку перапісчыка ці аўтара, я пакуль што да канца не расчытаў.

Лявон Баршчэўскі, Кракаў

Верш аб рэлігіі і абычайнасці

У нас цяпер такіх многа,
Што не помняць ўжо на Бога,
А на бліжняга ніколі —
Ўсё чыняць па сваёй волі. /…/
На Створцу Неба не дбаюць,
Хоць няпраўду прысягаюць.
Свята хоць нямнога маем —
І то на мшы не бываем,
А на Бога наракаем —
Што ў хаце хлеба не маем.
Як мы з Богам, так Бог з намі
Паступляе, з гультаямі. /…/
Бліжняму дабра не зычыш —
Хоць яму што і пазычыш,
Бо пазычаеш на тое,
Штобы адабраць удвое:
Мала грошай, мала хлеба —
Мала зямлі: болей трэба:
Свет згарнуць адзін хацеў [бы],
Калі столькі сілы меў [бы]. /…/
Пыху ў сэрцы сваім маеш:
Мізаракаў зневажаеш. /…/
Гневаецца брат на брата:
Часам крыку поўна хата.
Між сёстрамі кляцьбы досыць —
Каб прапала, Бога просіць. /…/
Хто гаворыць што пра Бога,
Цяпер не любяць такога:
Святых словаў не прымаюць —
Яшчэ плутам называюць:
Не накорміць галаднога —
Ані пакрые нагога. /…/
Сны дзів[яц]ца гаратному —
Што не мае, рад чужому.
Іншы надта свайго мае —
Такі чужое хапае.
Як станем на Страшным Судзе —
Нядобра там такім будзе:
Добры пойдзе ў Боскі рукі,
А лядашчы — ў пекла мукі. /…/
Не адкупяць бацька, маці
Хоць бы роднага дзіцяці,
Ані тэж муж любай жоны,
Хоць ён быў ёй прывяжоны,
Ані тэж пан слугі свойга,
Хоць у яго грошы многа. /…/
Такі, хто чужому хцівы, —
Хрысціянін непраўдзівы:
Пан Бог расказаў бліжнёму
[Гэтак] жыць, як сам самому:
Не чыні крыўды нікому —
Дай брату, што маеш ў дому…
Ксяндзу часам даць не хочаш,
А ў карчму заўжды валочыш.
Хто з патрэба на гарэлку —
Ты за імі памаленьку.
У карчме праз дзень бываеш,
Гарэліцу папіваеш /…/,
Умерлых хаваць не хочаш,
А на хаўтурах хахочаш,
На душу запамінаеш —
Мшы Святой не закупляеш.
Ў Цэркві ты не ёсць спявакам —
На кірмашах ходзіш ракам,
Да споведзі не ўчашчаеш —
Хіба раз у рок бываеш:
І то яшчэ не з-за цноты —
Бадай толька не з нудоты.
Пацер змалку не вучыўся —
Як пабольшаў, заляніўся. /…/
Аж як толька хлеб з’явіўся,
Знову на Бога забыўся:
З колькі снапоў прамалоціш —
Зараз у карчму валочыш
На жалеза, тож на колы,
Аж нет грошай і сам голы.
Толька што сам заліў вочы —
Не дойдзеш дадому ўночы. /…/
Як стане ў даму сварыцца —
А прытом зачне і біцца —
З такім гаспадарствам, браце,
Пусткі быць могуць у хаце. /…/
А потым, пане Якіме,
Нада маліцца мякіне:
Што б табе даў Бог, і многа —
А з табой было б нічога.
Але з чым, браце, быў ў калысцы,
З тым быць прыйдзе і ў магілцы. /…/
А хоць часам і хлеб маеш —
На йгру з хаты прыкрадаеш.
Ў асянінах ўперад цябе
Там не маеш роўных сабе,
А гдзе хрэсьбіны чуваеш —
Хоць не кумам — там бываеш.
На вяселлі хто з прыносам,
А ты першы прыйдзеш з носам.
Як у фляшку хто зазвоніць —
Там цябе як ліха гоніць!
Піеш многа, аж па горла —
Не дармо назад папёрла.
За то кара не ад Бога,
Але ад цябе самога.
І з гарэлкі то бывае,
Што да смерці забівае,
А часам што і запаліць
Альбо на дарозе зваліць:
Ад марозу рукі, ногі…
От цяпер — вечны убогі.
Як што банкеты мінуцца,
Ўспомніш, у што б завінуцца:
Пойдзеш дахаты скалелым,
А праз паўгода — згалелым. /…/
Як на той свет прыбірацца —
Ты не хочаш спавядацца,
А там за чужое чэрці
Будуць ў пекле скуру дзерці:
Не знаюць Неба, ані грэху,
Ані тож людскога смеху. /…/
Як сам на свеце бязбожны,
Хочаш, штоб такі быў кожны.
Цяпер на ўсё глух, не помніш —
Потым, не ў час, ўсё прыпомніш.
На людское нараканне
Боскае [ёсць] прыказанне.
Зямля, родна наша Маці,
І рада, й нас будзеш браці.
Ніхто не выйдзе ад смерці —
Круці — не круці, нада ўмерці.

Наша Ніва

Закрепите на Pinterest

Translate »
Яндекс.Метрика