«Чорныя капальнікі» ў курганных могільніках на тэрыторыі Ганцаўшчыны раскапалі восем магільнікаў ХІ-ХІІІстагоддзяў, якія могуць належаць да гісторыка-культурных каштоўнасцей.
Пра тое, што курганы разрабаваны, паведаміла жыхарка вёскі М. Круговічы Тамара Студзент, якая хадзіла ў грыбы і знайшла пяць раскапаных курганоў. Па словах жанчыны, раскопы былі свежыя.
Сем з курганоў, вышынёй ад паўтара да двух метраў, цалкам раскапаныя, а восьмы, невялічкі курган, падкопаны толькі на некалькі штыкоў лапаты. Арудавалі яны, быццам экскаватарам, бо выкапалі не адзін куб пяску.
Факт, што вандалы перавярнулі з дзясятак кубаметраў зямлі лапатай, выклікае цікавасць. Што ж шукалі і што знайшлі чорныя капальнікі, якія шурфавалі капцы? Старшы навуковы супрацоўнік Ганцавіцкага раённага краязнаўчага музея Віталія Герасіменіпатлумачыў:
Адказаць дакладна, што яны там шукалі, мне складана. Згодна з матэрыяламі раскопак, якія праводзіліся ў розныя гады ў навакольных курганных групах вядомымі беларускімі археолагамі Юрыем Кухарэнкам, Баянам Міралюбавым і Пятром Лысенкам, знаходкі досыць сціплыя. Ніякіх вырабаў з каштоўных металаў і камянёў знойдзена імі не было. Асноўнымі рэчамі, якія выяўлялі навукоўцы былі рэшткі ганчарных вырабаў, таксама невялікая колькасць вырабаў з металу – жалезныя абручы і дужкі ад вёдраў, нажы і сякеры, а таксама прымітыўныя бронзавыя ўпрыгожванні. І такія знаходкі былі далёка не ў кожным кургане. Час няўмольна сцірае падобныя матэрыяльныя артыфакты.
У кнізе «Памяць», якая была выдадзена ў 1999 годзе, значыцца, што непадалёк ад в. Малыя Круговічы знаходзяцца тры групы курганных могільнікаў. Адна з іх, згодна «Памяці», за 0,5 км на паўднёвы ўсход ад в. Малыя Круговічы, ва ўрочышчы Машукоўшчына. Тут захавалася 12 курганоў, вышынёй ад 1 да 2,3 метра, дыяметрам 8–18 метраў. Хоць на самой справе зараз там толькі чатыры ці пяць курганоў – у парослай траве іх цяжка палічыць. Астатнія зааралі, а поле і сёлета пустуе.
Вялікая група курганоў ёсць каля вёскі Ясянец, дзе даследчыкі знайшлі гліняныя гаршкі, жалезныя і бронзавыя нажы, баявыя сякеры, спражкі.
Навукоўцы ўжо ніколі не даведаюцца, што знаходзілася ў гэтых курганах, бо “чорныя капальнікі” разрабавалі гэтыя помнікі.
У зямлі Беларусі, несумненна, ёсць шмат таемнага і сенсацыйнага. Але курганы ранняга Сярэднявечча, пэўна, не тыя месцы, дзе можна знайсці нейкія скарбы.
Для многіх чорных капальнікаў раскопкі не толькі хобі, але і магчымасць прадаць знаходкі.
Спецыялісты ў сваіх публікацыях у асноўным пішуць, што ў нашай краіне яшчэ няма вялікага попыту на падобныя артыфакты. Галоўным чынам усе яны прадаюцца ў Расію. Знаходкі сякер, нажоў і спражак Х–ХІІІ стагоддзяў, якія выстаўлены на продаж на розных сайтах, прадаюцца ў асноўным па цане ад 20 да 200 долараў.
Тое, што раскопкі курганоў праводзіліся несанкцыянавана, сумненняў няма.З Інстытытута гісторыі Нацыянальнай акадэміі навукпацвердзілі, што дазволу на раскопкі курганоў у Ганцавіцкім раёне ў гэтым годзе не было.
Як сказала спецыяліст Інстытута НАН Беларусі Вольга Ляўко, пры аддзеле ідэалогіі і культуры райвыканкама павінен быць спецыяліст па ахове помнікаў, які абавязаны сачыць за станам помнікаў гісторыі:
У дадзеным выпадку патрэбна скласці акт і накіраваць ў Дэпартамент па ахове помнікаў гісторыі і культурнай спадчыны і ў пракуратуру – гэтыя органы павінны разабрацца з дадзеным пытаннем і прыняць меры
Нагадаем, што за наўмысныя знішчэнне або пашкоджанне гісторыка-культурных каштоўнасцяў ці матэрыяльных аб’ектаў, якім можа быць прысвоены статут гісторыка-культурнай каштоўнасці, прадугледжана крымінальная адказнасць.
Даведка
Курганныя могільнікі – гэта разнавіднасць пахавальных археалагічных помнікаў, якія характарызуюцца збудаваннем землянога насыпу над пахавальнай ямай. Становішча шкілетаў у дрыгавіцкіх курганах у асноўным супадае з агульнаславянскім пахаваннем: на спіне, галавой на захад. У кургане звычайна хаваўся адзін нябожчык, аднак вядомыя і падвойныя пахаванні — мужчынскія, жаночыя, змешаныя.
Шырока распаўсюджаны нажы, відавочна вельмі неабходныя ва ўмовах жыцця дрыгавічоў. У мужчынскіх пахаваннях выяўляюць баявыя і працоўныя сякеры, дзіды, наканечнікі стрэл… Аднак часцей сустракаюцца пасавыя кольцы, спражкі, рэдкая простыя драцяныя пярсцёнкі.
У жаночых пахаваннях больш за усё ўпрыгожванняў з бронзы, значна менш са срэбра, залатых упрыгожванняў не выяўлена. Шырока распаўсюджаны разнастайныя пярсцёнкі з медзі, срэбра: драцяныя (простыя, спіральныя, вітыя) і пласціністыя.