Абаронцы правоў жывёлаў дамагліся крымінальнага пакараньня для скуралупаў

Новы артыкул Крымінальнага кодэксу 339.1 «Жорсткае абыходжаньне з жывёламі» пачне дзейнічаць праз 10 дзён.

«Жорсткае абыходжаньне з жывёламі, якое пацягнула іх сьмерць ці калецтва, учыненае з хуліганскіх ці іншых нізкіх памкненьняў ці ў прысутнасьці заведама малалетняга будзе карацца грамадзкімі працамі, штрафам ці выпраўленчымі працамі на тэрмін да аднаго году альбо арыштам. Тыя ж дзеяньні, учыненыя паўторна ці групай асобаў, будуць карацца пазбаўленьнем волі на тэрмін да году», — тлумачыць юрыст Юры Чавусаў.

Раней прыцягнуць скуралупаў да адказнасьці можна было толькі паводле адміністрацыйнага кодэксу. Ён, дарэчы, таксама працягвае дзейнічаць. Прымяняць артыкул 15.45 адміністрацыйнага кодэксу будуць у менш цяжкіх выпадках. Але і тут прадугледжаныя прагрэсіўныя зьмены.

Дагэтуль пратаколы паводле адміністрацыйных правапарушэньняў па гэтым артыкуле магла скаладаць толькі мясцовая адміністрацыя. Гэта, на думку абаронцаў правоў жывёлаў, значна замаруджвала яго прымяненьне, перадае «Радые Свабода«

Цяпер такое права мае і міліцыя, таму прыцягнуць да адказнасьці за жорсткасьць з жывёламі будзе значна прасьцей, кажа Юры Чавусаў.

Юрыст адзначае, што ўвядзеньне крымінальнай адказнасьці за жорсткае абыходжаньне з жывёламі стала вынікам актыўнай лябісцкай працы з боку грамадзянскай супольнасьці. Чавусаў нагадвае пра гісторыю менскага скуралупа, у пошуках якога і з заклікамі да праваахоўных органаў знайсьці вінаватага аб’ядналася нямала неабыякавых людзей і арганізацый.

Як удалося дамагчыся зьменаў у заканадаўстве, апавядае каардынатарка кампаніі «„Не“ — жорсткаму абыходжаньню з жывёламі» Алёна Валынец-Чарняева:

«Усе мэты, якія мы ставілі перад сабой у мінулым годзе, былі дасягнутыя. Мы шмат разоў зьвярталіся ў розныя інстанцыі — у пракуратуру, Міністэрства ўнутраных справаў, Адміністрацыю прэзыдэнта. Падключылася шмат людзей — пісалі і пісьмовыя заявы, і электронныя. Мы хадзілі на сустрэчы з дэпутатамі Палаты прадстаўнікоў. Вось так і атрымалася, што мы дасягнулі таго, за што змагаліся».

«Гэта дастаткова рэдкі выпадак, калі супалі пазыцыі і дэпутатаў Палаты прадстаўнікоў, і грамадзянскай супольнасьці. Шмат прыклалі намаганьняў арганізацыі і валянтэры-актывісты», — працягвае Юры Чавусаў.

Алёна Валынец-Чарняева запэўнівае, што абаронцы правоў жывёлаў будуць сачыць за выкананьнем артыкула. Юры Чавусаў мяркуе, што шырокага практычнага прымяненьня артыкул не атрымае. Але сама наяўнасьць яго ў Крымінальным кодэксе вельмі важная:

«Сама наяўнасьць жорсткага пакараньня будзе служыць пагрозай і прафіляктыкай злачынстваў супраць жывёлаў», — кажа юрыст.

Юры Чавусаў зьвяртае ўвагу, што гэта не апошнія зьмены ў беларускім заканадаўстве што да абыходжаньня з жывёламі. Наперадзе праца над больш шырокім законам, які будзе ўключаць у сябе нормы па ўладкаваньні прытулкаў для жывёлаў, абыходжаньні зь безнагляднымі жывёламі, упарадкоўваць дзейнасьць арганізацый па абароне жывёлаў і іншае.

Закрепите на Pinterest

Translate »
Яндекс.Метрика