Зьміцер Вайцюшкевіч прадстаўляе на Tuzin.fm свой першы афіцыйны відэакліп, створаны ва ўмовах забароны, кліп – прысьвячэньне ўсім беларускім матулям. Сьпявак планаваў зняць відэа на «больш папсовую песьню». Сярод варыянтаў былі песьні з шансон-праграмы «Ты залаты» і «Бадзягі», але пасьля навіны пра сьмерць паэта Генадзя Мікалаевіча Бураўкіна, якому належаць словы песьні «Дачакайся, матуля», Зьміцер вырашыў, што трэба здымаць кліп менавіта да гэтай кампазыцыі.
Сюжэт кліпу цесна зьвязаны з эпізодам жыцьця Зьміцера. «У свой час, у 1986 годзе, я пакінуў матулю, калі паехаў вучыцца, як і галоўны герой песьні. Гэта гісторыя пра нашы недамоўленыя моманты ў адносінах з бацькамі. Вельмі часта нам здаецца, што бацькі будуць жыць вечна і ў нас шмат часу на тое, каб пасьпець ім усё сказаць, папрасіць прабачэньня… Гэтая песьня – своеасаблівая споведзь, зварот да самых блізкіх і родных нам людзей».
У кліпе ролю хлопчыка, як бы Вайцюшкевіча ў дзяцінстве, грае Міша Панцелееў. Галоўную ролю сыграў сам сьпявак. Ён кажа, што ў кліпе ёсьць моманты, якія сапраўды кранаюць: «У нас не было шмат рэсурсаў, на тое, каб неяк пашырыць ці паглыбіць гісторыю. Тут няма дарагіх дэкарацый, асноўная ўвага сканцэнтравана на пачуцьцях, на ўнутраным вобразе». Здымкі адбываліся ў лясах пад Ракавым ды ў студыі «Куб». Кіраваў працэсам рэжысэр Расьціслаў Смольскі, ён жа займаўся мантажом. Апэратарамі былі Сяргей Бондараў і Аляксандр Бондараў.
Музычныя відэа Вайцюшкевічу здымалі і раней, але сам выканаўца лічыць менавіта гэтую працу сваім першым рэальным кліпам. Музыка адзначыў, што яму давялося працаваць з прыемнымі людзьмі і прафэсыйнай тэхнічнай камандай: «Мы асабліва не замарочваліся і кіраваліся прынцыпам: лепш не дарабіць, чым перарабіць. Я спадзяюся, што гэта не апошні кліп. Думаю, прынамсі раз на год варта нешта здымаць», – падкрэсьліў Зьміцер. Выканаўца разумее, што яго працу пабачыць толькі аўдыторыя Tuzin.fm, тэлеканалу «Белсат» ды іншых незалежных пляцовак, а на беларускай дзяржаўнай тэлевізіі на яго ня зьвернуць увагу, але з гэтай нагоды не сумуе: «Самае галоўнае, што гэта песьня – вечная, дзякуй за гэта Генадзю Мікалаевічу!».
[su_youtube url=»https://www.youtube.com/watch?v=tRYB9cmsz08″]
Зьміцер Вайцюшкевіч – Дачакайся, матуля (рэжысэр Расьціслаў Смольскі).