Сталі вядомыя падрабязнасці ўжывання трыма гамельчукамі спайсу, у выніку чаго адзін з іх застаўся без вачэй

Новыя падрабязнасці ўжывання трыма гамельчукамі спайсу, у выніку чаго адзін з іх атрымаў цяжкія траўмы і быў пакалечаны, паведаміла праграма «Зона Х» тэлеканала «Беларусь 1» вечарам 22 ліпеня, піша НН са спасылкай на БелаПАН.

Паводле звестак праграмы, у момант прыезду міліцыі пацярпелы смяяўся, спяваў песні і адказваў на ўсе пастаўленыя пытанні. Гэта прытым, што ў яго адсутнічалі вочныя яблыкі і быў поўнасцю парэзаны твар. Усе трое прызналіся праваахоўнікам, што ўжывалі спайс.

Як паведаміла раней упраўленне інфармацыі і грамадскіх сувязяў МУС, 21 ліпеня каля 23 гадзін у міліцыю па спецлініі 102 паступіла паведамленне аб парушэнні грамадскага парадку на вуліцы Дакутовіча (прыватны сектар) у Гомелі. Паводле слоў таго, хто званіў, у двары суседняга дома бегалі голыя мужчыны і шумелі.

На месца здарэння прыбыла следча-аператыўныя група Чыгуначнага РАУС і супрацоўнікі АМАП. У адным з пакояў указанага дома яны знайшлі хлопца 1991 года нараджэння. У яго былі выдалены абодва вокі, значна пашкоджаны вострым прадметам нос, шчака, вушы. Побач на ложку знаходзіліся два прыяцелі пацярпелага (1985 і 1993 гадоў нараджэння). Іх паводзіны былі адназначна ацэнены як вельмі неадэкватныя.

Пацярпеламу была выклікана хуткая медыцынская дапамога, якая даставіла яго ў найбліжэйшую медустанову. Яго прыяцеляў адвезлі ў райаддзел міліцыі для далейшага разбору.

Згодна з папярэдняй інфармацыяй, маладыя людзі сустрэліся каля 19 гадзін таго ж дня. Вырашыўшы павесяліцца ў кватэры аднаго з іх, яны набылі курыльную сумесь (спайс) і, хутчэй за ўсё, спажылі яе.

«Беларусь 1» паведамляе, што пацярпелы зараз знаходзіцца ў рэанімацыі. Яго жыццю нішто не пагражае, але зроку малады пазбавіўся назаўсёды.

Паводле інфармацыі афіцыйнага прадстаўніка ўпраўлення Следчага камітэта па Гомельскай вобласці Марыі Крываногавай, дзеянні падазроных кваліфікаваныя па прыкметах складу злачынства, прадугледжанага п. 3, 9 ч. 2 арт. 147 КК (наўмыснае нанясенне цяжкіх цялесных пашкоджанняў спосабам, які носіць характар мучэння або катавання, групай асоб).

Пры аглядзе месца здарэння следча-аператыўнай групай канфіскаваны фрагменты шпалераў з рэчывам бурага колеру, драўляны завостраны брусок, разбіты шкляны градуснік, два папяровыя пакеты з рэчывам расліннага паходжання.

Расследаванне крымінальнай справы пастаўлена на асабісты кантроль начальніка УСК па Гомельскай вобласці. Папярэдняе следства даручана групе найбольш дасведчаных следчых.

Супрацоўнікі ўпраўлення Дзяржаўнага камітэта судовых экспертыз па Гомельскай вобласці праводзяць прызначаныя падчас следства неабходныя экспертныя даследаванні, у тым ліку судова-медыцынскія, судова-біялагічную і хімічную экспертызы.

Закрепите на Pinterest

Translate »
Яндекс.Метрика