У вёсцы Бычкі Ушацкага раёна Віцебскай вобласці, на радзіме Васіля Быкава адбылося ўручэнне прэміі «За свабоду думкі». У гэтым годзе ўладальнікам прэстыжнай прэміі стаў вядомы беларускі бард, акцёр, паэт з Гродна — Віктар Шалкевіч.
На ўрачыстасці сабралася больш за 200 чалавек. Прысутнічалі сястра Быкава Валянціна Уладзіміраўна і жонка Рыгора Барадуліна Валянціна Міхайлаўна. Выступалі паэты, грамадскія дзеячы, палітыкі, прадстаўнікі адміністрацыі і музея.
Уручаў прэмію, лідэр руху «За Свабоду» Аляксандр Мілінкевіч:
Віктар Шалкевіч — гэта частка душы сённяшняга Гродна, ён захоўвае тое, што ў нас было добрага, і нясе ў будучыню. Ён з тых людзей, якія маюць у душы ўнутраную свабоду.
«Тое, што адбываецца ў маёй галаве, здаецца, не залежыць ні ад каго, — адзначыў Шалкевіч. — Я не сутыкаўся за ўсё сваё жыццё з тым, каб мяне абмяжоўвалі ў гэтым сэнсе. Заўсёды думаў і пісаў тое, што хацеў».
З Гомелю на ўручэнні прэміі прысутнічалі прадстаўнікі кааліцыі «Наша Альтэрнатыва», «Малады Фронт» і «Аб’яднаная Грамадзянская Партыя»
Прэмія «За свабоду думкі» імя Васіля Быкава заснаваная рухам «За Свабоду» у 2008 годзе. Штогод прэмію атрымліваюць грамадскія і творчыя дзеячы. Лаўрэатамі прэміі ў мінулыя гады былі Лявон Вольскі, Алесь Пушкін, Уладзімір Някляеў, Зміцер Вайцюшкевіч, Алесь Марачкін.