Паўстанне пачалося 14 чэрвеня 1919 года. Вяскоўцы адгукнуліся на заклік мясцовага ксяндза Буклярэвіча і яго сястры абараніць ад разбурэння бальшавіцкай уладай касцёлы. У Міёрах з такой жа просьбай да дюдзей звярнуўся ксёндз Грунеўскі. У адказ на заклік святароў у вёсках пачалі фарміравацца атрады абароны касцёлаў. Да іх далучаліся дэзерціры з Чырвонай Арміі і толькі што мабілізаваныя.
Галоўныя сілы паўстанцаў сканцэнтраваліся ў раёне Германовічы — Пагост — Шаркаўшчына — Ёды — Міёры — Чарэзы — Крукі — Пераброддзе — Iказнь. У кожнай вёсцы зброю ўзялі ад 80 да 200 чалавек. Усяго паўстала да 3-х тысяч. Людзі збіраліся на мітынгі, на якіх гучалі словы абурэння паводзінамі новых уладароў, лозунгі: «Далоў саветы!», «Смерць камуністам!», «Не» — вайне!», «Не» — мабілізацыі!», «Няхай жыве свабодная народная армія!».
Першапрычына народнага ўздыму была ў незадаволенасці мясцовых жыхароў бальшавіцкай уладай, галоўным заняткам якой былі (цытата з даклада) «бессистемные реквизиции, конфискации, грабежи… беспричинные расстрелы». «Все эти мероприятия проводились от имени коммунистических ячеек».
Камуністычных бандытаў баялася ўся акруга. Старшыня гэтай ячэйкі Маляўка (ён жа узначальваў валасны выканкам і ваенны камісарыят) са сваімі паплечнікамі ў дакладзе выглядае як сапраўдны кат. Старшыня павятовага выканкама запрашаў Маляўку і яго «дружыну» ў Дзісну для расстрэлаў, якія тут праводзіліся без суда і следства, калі чырвонаармейцы і міліцыянеры адмаўляліся іх праводзіць. Таму не дзіўна, што гэты чалавек узначаліў спіс савецкіх дзеячоў, складзены ксяндзом Буклярэвічам, якіх паўстанцы асудзілі на смяротнае пакаранне. Маляўку і яго паплечніка Бехера (камуніста-інтэрнацыяналіста з Польшчы) вадзілі спачатку скрозь строй.
Другой важкай прычынай антысавецкага выступления пазначана масавае дэзерцірства. Чырвонаармейцы, стомленыя і расчараваныя са зброяй пакідалі фронт, дзе не жадалі класці галовы за невядома чые інтарэсы, вярталіся ў родныя мясціны, а калі ўлада даставала іх і тут, хаваліся ў лесе, папаўнялі шэрагі «зялёных». У гэтым напрамку бегла і мабілізаваная чырвонымі камісарамі вясковая моладзь. У дадзеным выпадку яна склала асноўныя сілы паўстанцаў.
Пакрыўджаныя нацыянальныя пачуцці людзей таксама далі штуршок да ўзброенага выступлення. Нацыянальны нігілізм новай улады выкарысталі польскія легіянеры. Сімпатыі людзей, асабліва католікаў, хіснуліся ў іх бок. Больш таго, паўстанцы разлічвалі на дапамогу польскіх вайскоўцаў, але наступленне легіянераў спазнілася на два дні, паўстанне было ўжо задушанае. Шмат крыві пралілося…
Ніна Стужынская, кандыдат гістарычных навук