Лукашэнка: “Беларускае піва – гэта водар хлеба. Гэта ўсё жывое і натуральнае”

urlБеларускае піва з’яўляецца больш якасным і натуральным у параўнанні з імпартным. Такое меркаванне выказаў Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка сёння на нарадзе аб стане і перспектывах развіцця піваварнай галіны Беларусі, перадае карэспандэнт БЕЛТА.

“Я хацеў бы пачуць ад вас, чыё піва мы сёння п’ём. Вы п’яце – не я, – сказаў кіраўнік дзяржавы, звяртаючыся да ўдзельнікаў нарады. – Мяне гэта насцярожвае: вы што, імпартнае піва лічыце лепш за нашае і думаеце далей атручваць беларускі народ?”.

Як адзначыў Аляксандр Лукашэнка, па заявах дасведчаных спецыялістаў і людзей, якія ўжываюць піва, імпартная прадукцыя нашпігаваная рознага роду смакавымі дадаткамі і кансервантамі. “Беларускае піва – натуральнае”, – упэўнены кіраўнік дзяржавы.

У пацверджанне Прэзідэнт распавёў, што можна зладзіць просты эксперымент, каб асабіста ў гэтым пераканацца: “Калі ідзяце ў лазню, вазьміце імпартнае піва і айчыннае – як у нас было прынята пырснуць на камяні – і панюхайце, чым гэта ўсё пахне. Беларускае піва – гэта водар хлеба. Гэта ўсё жывое і натуральнае”.

Прэзідэнт таксама выказаў меркаванне, што ў пытанні якасці няма прамой ўзаемасувязі з мадэрнізацыяй і выкарыстаннем высокатэхналагічнага абсталявання. “Часам на звычайных самагонных апаратах робяць такое пітво, што побач не стаялі ніякая гарэлка ці піва. Гэта не мая выснова. Я таксама не вялікі спецыяліст у самагонцы, віскі, каньяках і іншым. Але так кажуць людзі. Яны наадварот трымаюцца за гэты стары кацялок”, – адзначыў беларускі лідэр.

Прэзідэнт у сувязі з гэтым рапавёў, што нядаўна глядзеў тэлеперадачу пра падарожжа аднаго з журналістаў па Нямеччыне, дзе ў тым ліку распавядалася аб вытворчасці нямецкага шнапса па традыцыйнай тэхналогіі. “Паказваюць гэты апарат – ён такі старажытны. А журналісты п’юць і аблізваюцца – шнапс самы лепшы. Дык чаму гэты чалавек, які вырабляе шнапс, не мяняе абсталяванне на суперсучаснае?” – сказаў Прэзідэнт Беларусі.

“Я не кажу, што мадэрнізацыя не патрэбна, але не трэба, пабываўшы на Захадзе, убачыўшы нешта бліскучае, туды бегчы. Але мы пабеглі”, – заўважыў кіраўнік дзяржавы.

author avatar
Zhukouski Kastus
Только самое горячее

Закрепите на Pinterest

Translate »
Яндекс.Метрика