На адну з беларускамоўных супрацоўніц мінскага метрапалітэна нядаўна напісалі скаргу. Жанчыну — Людмілу Майстрэнка — вінавацяць у тым, што яна «размаўляла па-беларуску падчас надгляду рэчаў».
Скаргу напісаў нехта Савіцкі Антон Генадзевіч.
У якасці кантактнага нумара гэты «Антон» пакінуў расійскі нумар іншага чалавека, які ніякіх Антонаў не ведае.
«Свае патрабаванні падчас надгляду асабістых рэчаў Людміла Майстрэнка выказвала выключна па-беларуску, — піша ў скарзе гэты «Антон Савіцкі». — Я папрасіў гаварыць са мной па-руску, але яна адказала, што ў Беларусі я мушу выказвацца па-беларуску. Лічу гэта навязваннем».
Як патлумачыла «Нашай Ніве» сама Людміла, яна лічыць такую скаргу проста трызненнем і прыкметай нізкага выхавання, бо нельга ўявіць, што ў Германіі на супрацоўніка берлінскага метрапалітэна склалі б скрагу на падставе «навязвання» нямецкай мовы.
«Сёння беларусам мову будуць забараняць, а заўтра што?», — эмацыйна сказала нам жанчына.
Цікавы факт, што сама жанчына нарадзілася ва Узбекістане, але беларускую мову вывучыла, калі пераехала ў Беларусь.
«Я не ведала мову, але, калі пачала працаваць у метро, склалася адваротная скарзе сітуацыя — пасажыры наракалі, што ў метро абвесткі па-беларуску, а супрацоўнікі не гавораць. Не раз і не два чула такую прэтэнзію. І ад старых, і ад маладых. Таму вырашыла вывучыць мову, каб хапала для працы», — сказала нам жанчына.