«Пагоня» на пячатцы Вітаўта Вялікага — легендарнага ўладара, пры якім ВКЛ было найбольшай дзяржавай Еўропы.
«Пагоня» на тытульнай старонцы «Статута ВКЛ» 1588.
«Пагоня» з кукарды графа Тышкевіча, камандзіра палка «літоўскіх уланаў» у войску Напалеона.
«Пагоня» з маркі часоў БНР.
Сцягі над Кастрычніцкай плошчай. Плошча-2006.
«Пагоня» — герб Віцебскай вобласці — на фасадзе Глыбоцкага райвыканкама.
Стэнсіл у выглядзе «Пагоні».
Многія ўпрыгожваюць нацыянальнай сімволікай аўто.
«Пагоня» на браме адноўленага Ружанскага палаца.
Герб «Пагоня» — ваяр з узнятым мячом на белым кані ў чырвоным полі — вядомы ў Беларусі з глыбокай старажытнасці.
У якасці дзяржаўнага герба Княства Літоўскага, старажытнай беларускай дзяржавы, яе пачаў выкарыстоўваць вялікі князь Віцень у канцы XIII стагоддзя.
«Віцень нача княжыці над Літвою, ізмыслі сабе герб і ўсяму княству Літоўскаму пячаць: рыцар збройны на кані з мячом, ежэ ныне нарычуць Пагоня», — піша Густынаўскі летапіс.
Чаму «Пагоня»? Так называўся высакародны звычай, пашыраны ў нашых землях. У выпадку раптоўнага налёту ворагаў — вось наляцелі чужынцы, схапілі каштоўныя рэчы і дзяцей у палон — усе мужчыны, якія маглі трымаць зброю, сядалі на коней і пераследавалі захопнікаў, каб вызваліць забраных суайчыннікаў.
У часы вялікага князя Ягайлы (XIV ст.) на шчыце «Пагоні» з’явіўся шасціканцовы крыж — знак вугорскіх каралёў.
Адбылося гэта пасля таго, як вялікі князь ажаніўся з Ядзвігай, польскай каралеўнай вугорскага паходжання. Знак той нагадваў здаўна вядомы нашым продкам Ярылаў крыж — сімвал бога сонца і ўрадлівасці.
Царква надала «Пагоні» іншае значэнне: святары былі схільны лічыць яе выявай святога Юр’я, нябеснага апекуна Беларусі.
Выявай «Пагоні» ўпрыгожаныя ўсе дзяржаўныя дакументы тагачаснай Беларусі, старонкі «Літоўскай Метрыкі» і «Статутаў».
«Пагоня» была на сцягах беларуска-літоўскага войска ва ўсіх вырашальных бітвах тых часоў — ад Грунвальда да Оршы.
Пасля Люблінскай уніі «Пагоня» нароўні з польскім белым арлом змяшчалася на гербе Рэчы Паспалітай і на каралеўскім сцягу.
Нават пасля падзелаў Рэчы Паспалітай у XVIII стагоддзі, калі Беларусь трапіла пад уладу Расіі, «Пагоня» засталася гербам беларускіх губерняў.
Яна трапіла на значкі расійскіх войскаў, размешчаных у Беларусі (напрыклад, Гродзенскага гусарскага), і нават на герб Расійскай імперыі.
Пячатку з «Пагоняй» меў і Кастусь Каліноўскі —
кіраўнік паўстання 1863 года.
У пачатку ХХ стагоддзя Максім Багдановіч прысвяціў старажытнаму беларускаму гербу пранікнёны патрыятычны верш:
Усё лятуць і лятуць тыя коні,
Срэбнай збруяй далёка грымяць…
Старадаўняй Літоўскай Пагоні
Не разбіць, не спыніць, не стрымаць!
У 1918-м «Пагоня» стала дзяржаўным гербам Беларускай Народнай Рэспублікі — першай незалежнай беларускай дзяржавы.
Калі ў канцы 1980-х разгарнулася барацьба за незалежнасць Беларусі, «Пагоня» з’явілася каля лагатыпаў падпольных улётак і першых незалежных газет. Харугвы з ёй неслі на чале шэсцяў. З’явіліся новыя карціны па яе матывах і песні пра яе.
З аднаўленнем незалежнасці ў 1991-м «Пагоня» зноў набыла дзяржаўны статус.
Выдатныя мастакі Яўген Кулік, Уладзімір Крукоўскі і Леў Талбузін выпрацавалі для яе новы канон. Яны надалі шасціканцоваму крыжу на шчыце выгляд крыжа Еўфрасінні Полацкай, святой заступніцы Беларусі. На «Пагоні» прысягала беларускае войска. Яна ўпрыгожвала тэкст канстытуцыі і трыбуну, на якой прысягаў прэзідэнт.
Аднак у 1995-м Аляксандр Лукашэнка, каб атрымаць падтрымку і грошы Расіі, вырашыў узяць курс на русіфікацыю.
У атмасферы тэрору быў абвешчаны «рэферэндум». Сярод пытанняў былі змена дзяржаўнай сімволікі і ўвядзенне расійскай мовы ў якасці дзяржаўнай.
Каб матываваць гэтую змену, прапаганда карысталася беспардоннымі фальсіфікацыямі.
Рэжысёр Юрый Азаронак зняў фільм «Дзеці хлусні», у якім даводзіў, што «Пагоня» і бел-чырвона-белы сцяг… фашысцкія, на той падставе, што беларусы іх выкарыстоўвалі ў часы нямецкай акупацыі. Пра тое, што «Пагоня» стагоддзямі існавала перад той вайной, фільм змоўчваў.
Немцы, шведы, украінцы, літоўцы — усе трымаюцца сваёй нацыянальнай сімволікі і будуюць нацыянальныя дзяржавы. Ва ўсёй Еўропе толькі Беларусь пагналася за халяўнымі расійскімі грашыма.
Гэта, бадай, самая ганебная пагоня ў беларуская гісторыі.
Але значэнне «Пагоні» такое, што сцерці яе з памяці не ўдалося.
Нацыянальнай сімволікай працягвае карыстацца інтэлігенцыя, моладзь.
Многія школьнікі носяць значкі з нацыянальным сцяжком або «Пагоняй».
Адзін мой знаёмы хлопец, якому ў школе забаранялі насіць такі значак, чапляў яго на адвароце лацкана. Іншыя маюць «Пагоню» на сваіх аватарках у сацыяльных сетках.
Налепкі з «Пагоняй» можна пабачыць на машынах. У тысячах кватэр вісяць бел-чырвона-белыя сцягі.
«Пагоня» сягае каранямі ў сівую даўніну, а вось нацыянальны сцяг быў кадыфікаваны адносна нядаўна.
Беларусы здаўна шанавалі спалучэнне белага і чырвонага колераў.
На карціне XVI ст. «Бітва пад Оршай» пікі ваяроў ВКЛ упрыгожваюць сцяжкі з выявай чырвонага крыжа на белым полі — крыжа святога Юр’я.
Чаргаванне белых і чырвоных палосаў можна бачыць і на сцягах каралёў Рэчы Паспалітай. У хрысціянскай сімволіцы чырвоны пас (або крыж) на белым полі сімвалізаваў кроў Хрыста.
Аднакбел-чырвона-белы сцяг у сённяшнім выглядзе, у адрозненне ад «Пагоні», мае канкрэтнага аўтара.
Сцяг стварыў у 1917 Клаўдзій Дуж-Душэўскі.
Да яго, маладога архiтэктара, выпускнiка Пецярбурскага горнага iнстытута і найталенавіцейшага тэатрала, з просьбай зрабіць эскіз нацыянальнага сцяга звярнуліся беларускiя арганiзацыi Пецярбурга.
«Беларусы [даўней] лічылі сваім дзяржаўным сцягам белую Пагоню на чырвоным полі», — пісаў ва ўспамінах Дуж-Душэўскі. Рух за незалежнасць хацеў стварыць сабе сцяг больш адрозны ад герба, як было ў іншых, дзяржаўных народаў».
Створаны Дуж-Душэўскім сцяг быў упершыню ўзняты ўвесну 1917 на будынку Беларускага таварыства дапамогi пацярпелым ад вайны ў Пецярбургу
(Дуж-Душэўскi быў супрацоўнiкам гэтага Таварыства). А 12 сакавiка ў Мінску ўпершыню адбылося масавае свята — нацыянальны Дзень беларускага значка. Бел-чырвона-белыя значкi, кукарды і сцяжкi можна было пабачыць паўсюль на вулiцах.
Бел-чырвона-белую стужку ў 1917-м сталі насіць і вайскоўцы-беларусы на франтах Першай сусветнай вайны, каб пазнаваць сваіх.
У снежнi 1917 у Мінску падчас Усебеларускага з’езда бел-чырвона-белы сцяг ужо адзiнадушна прызнаваўся нацыянальным сімвалам Беларусi. Ён усім адразу прыйшоўся да душы: светлы, зыркі і непаўторны.
Ён стаў дзяржаўным сцягам Беларускай Народнай Рэспублікі.
За саветамі ж сцяг быў забаронены.
За яго малюнак можна было страціць працу, а то і жыццё. Тады ж чырвоны пас на сцягу набыў новае тлумачэнне — кроў, пралітая за айчыну.
Бел-чырвона-белы сцяг і «Пагоня» — сімвалы змагання беларусаў за свабоду. З нацыянальным сцягам звязаная легендарная постаць Мірона —
невядомага, які ўздымае сцягі на самых высокіх і небяспечных пунктах. «Міронам» ён падпісваўся ў цыдулках, прымацаваных да штандараў. Відаць, у рэальнасці такіх Міронаў дзясяткі, калі не сотні.
За вывешванне нацыянальнага сцяга ў Віцебску нядаўна быў пасаджаны ў турму патрыёт Сяргей Каваленка.
Парадаксальна, але ўлады таксама патроху пачынаюць разумець, што гісторыю не сатрэш.
«Пагоня» вярнулася на герб Віцебскай вобласці. Для яе знайшлі і афіцыйнае вызначэнне — «гістарычны сімвал Беларусі».
Чырвона-зялёны ж сцяг прыдумалі сталіністы.
У канцы 1940-х Сталіну спатрэбілася стварыць сцягі саюзных рэспублік СССР, асабліва тых, якія былі членамі ААН.
Яны былі выраблены на аснове сцяга савецкай імперыі.
Для сцяга БССР у якасці адметнасці выбралі беларускі народны арнамент.
Тады ў архівах знайшлі малюнак вышыўкі на ручніку, зроблены ў 1917-м сялянкай Матронай Маркевіч з в. Касцёлішча Сенненскага раёна. Вышыўка называлася «Узыходзячае сонца». Мастак Гусеў падрыхтаваў праект на аснове гэтага рысунка, з пэўнымі сімвалічнымі дадаткамі. Гэты сцяг і зацвердзілі ў 1951.
Герб БССР трохі даўнейшы. Ён быў прыняты ў 1927, таксама на аснове герба СССР.
Спачатку на ім былі надпісы на чатырох дзяржаўных мовах: беларускай, расейскай, польскай і ідыш. Але ў 1937-м польскую і ідыш прыбралі.
Цяперашнія сцяг і герб распрацаваны на аснове савецкіх. З іх папрыбіралі толькі камуністычныя лозунгі.
З лозунгамі даходзіла, дарэчы, да смешнага.
Так, указам Прэзідыума Вярхоўнага Савета БССР ад 20 лістапада 1938 быў удакладнены пераклад на беларускую мову дэвіза на гербе, ён стаў чытацца як: «Пралетарыi ўсiх краiн, еднайцеся!».
Як успамінаў тагачасны кіраўнік справаў Саўміна Аўген Калубовіч, ініцыятаркай зменаў, у тым ліку ўвядзення ў яго арфаграфічнай памылкі была Старшыня Вярхоўнага Савета БССР Надзея Грэкава.
Матывавала тым, што «яна як сакратар ЦК часта падпісвае «дырэктывы» калгасам, што ўжо пара пачынаць «злучную кампанію для ската»; таму заклік «злучайцеся!» у дачыненні да пралетарыяту «неяк нядобра гучыць». А слова «яднайцеся» мусіла пісацца праз «е», каб падчас пераносаў не выйшла «яд-»…
Нагадаем, ад рук сталіністаў у Беларусі загінула каля 200 тысяч чалавек, а ўсяго праз рэпрэсіі прайшло 600 тысяч.
Такім чынам, афіцыйны герб РБ маладзейшы за «Пагоню», прынамсі, на 7 стагоддзяў, а чырвона-зялёны сцяг на 34 гады маладзейшы за бел-чырвона-белы.