Каровы хворыя, галодныя, па вымя ў гноі, заробкі малыя – малочная ферма ў вёсцы (+фота)

Сельгаспрадпрыемства “Жгуньскае” знаходзіцца ў вёсцы Жгунь, што ў Добрушскім раёне, за 25 кіламетраў ад абласнога цэнтру. У склад прадпрыемства ўваходзіць і малочна-таварная ферма, дзе ўтрымліваюцца каровы і малыя цяляты. Працаўнікі фермы (даглядчыкі і даяркі) скардзяцца на мізэрныя заробкі, цяжкія ўмовы працы, парушэнні працоўнага заканадаўства і агульнае бязладдзе, якое пануе на ферме. Аўтар артыкула сустрэлася з працаўнікамі фермы, якія на ўмовах ананімнасці распавялі пра сітуацыю на сельгаспрадпрыемстве.

Ферма КСУП

Якія асноўныя праблемы на ферме?

Цяпер толькі лістапад, а ўжо няма кармоў. Нам возяць сілас, туды перамолваюць салому, але каровы гэта ўсё адно не ядуць, бо гэты корм увесь смярдзючы і кіслы – у выніку гэта ўсё выкідаецца пад ногі ў кашару. Але ў нас уласнага сіласу няма, нават і такога паганага, таму нам і возяць з Добруша, з гаспадаркі “Рассвет”. Яна таксама ўваходзіць у наш саўгас, у нас адзін дырэктар, але там ёсць сілас, а ў Жгуні няма нічога. І мукі таксама няма.

Атрымліваецца, што пры такім харчаванні каровы галадаюць – гэта ж, напэўна, адбіваецца і на надоях?

Ну так, надоі ўпалі. Вось, напрыклад, я ўсяго месяц таму з 40-50 кароў надойвала 330 літраў раніцою, цяпер жа — крыху больш за 200 літраў.

І адзіная прычына – гэта недаяданне?

Не толькі. Каровы стаяць у кашарах, а кашары нечышчаныя, там ім па вымя — вада з жыжкаю, каровы там проста топяцца, бо там бываюць ямы ростам з чалавека, запоўненыя жыжкай. Іх трэба трактарам чысціць прынамсі раз на месяц, а гэтага ніхто не робіць – калі не здраджвае памяць, апошні раз чысцілі кашары больш за паўгады таму. Наконт гэтага мы падыходзілі да новага дырэкатара, дык ён нам адказвае: няма трактара, няма паліва, і наогул нічога няма, каб вывезці гной з кашар. Калі б карова стаяла ў цяпле, накормленая і ў чыстай кашары, куды можна закінуць салому – яны там лягуць і ў сухім будуць ляжаць – дык малако б было. А яны ж праз адну мастытныя: вымя літаральна гніе з-за пераахалоджвання, бо жывёла стаіць у брудзе.

А як мастыт уплывае на надоі малака?

Малако з такіх кароў не выкарыстоўваецца – мы іх доім і малако выліваем. Дарэчы, за такія дойкі нам наогул не плацяць. Атрымліваецца, доім бясплатна. Мастытныя каровы, як паказвае практыка, больш за тры гады не жывуць на ферме: увесь час пераахлоджванне, яны заўжды хварэюць на мастыт, і ўрэшце іх здаюць на мяса. А здаровыя каровы могуць і па 10 -15 гадоў жыць на ферме. У нас няма нават вёдраў, каб падмыць кароў. Да таго ж, падмываць іх перад дойкай трэба цёплай вадой, якой на ферме таксама няма. Адным словам, у нас у саўгасе — дурдом.

Які ў вас заробак?

Ніякі заробак. Мы ўстаем у 4.30 раніцы, ідзем на працу, раздаем муку, кормім кароў, чысцім кармушкі, пачынаем даіць і доім да 9. Потым аб 11 гадзіне мы ізноў ідзем на працу, бо а 12 гадзіне ў нас другая дойка. Перад ёй зноў кармім скот, доім. Прыходзім дадому ў 14.00 і ў 16.00 мы зноўку павінны быць на працы. З 16.00 да 20.00 зноў працуем. А заробку аніякага: бруднымі 240 рублёў, а чыстымі каля 180-200 рублёў. Колькі разоў мы падымалі пытанне пра пражытачны мінімум – калі б ён быў большым за 200 рублёў, то, па логіцы, нам павінны былі б даплачваць, каб мы атрымлівалі хоць пражытачны мінімум. Але нашаму кіраўніцтву з калом у глотку не ўлезеш. Адна знаёмая ў Церахоўцы даяркай працуе – атрымлівае мінімум 600 рублёў.

Ці спрабавалі вы скардзіцца вышэйшаму кіраўніцтву, кантралюючым органам?

Ой, колькі мы страйкаў ладзілі! Не даілі, на вёдры сядалі  – дык з нас вылічвалі за тое малако, якое мы не падаілі. Вось і летам спрабавалі страйкаваць.

А ці ўсё ж такі звярталіся вы ў кантралюючыя інстанцыі?

Ну, у нас такія жанчыны працуюць даяркамі – ёсць пенсіянеркі, ёсць алказалежныя… Усе баяцца згубіць працу, таму і не скардзімся.

А з чым звязана такое бязладдзе на ферме?

Халатнае стаўленне да сваіх абавязкоў, перадусім з боку начальства. Яно нас ігнаруе: абяцаюць зрабіць, але нічога так і не робяць. Крадуць на ферме вельмі багата, перадусім кіраўніцтва. Хаця і даяркі крадуць, але яны могуць ну няхай паўмяхі скрасці ўвечары, ды і тое – паставілі патруль, штовечар ездзіць міліцыя. Нават калі захочаш узяць літр малака, дык лепш пайсці і купіць у краме за 1 рубель, чым потым 150 рублёў штрафу плаціць, калі зловяць. Начальства крадзе. Фурамі вывозяць, здаюць кароў кааператарам. Не ведаем, можа, яны робяць гэта і законна, але ж каб было законна, рабілі бы ўдзень, а не ў 11 ночы пад ліхтарамі.

А як гэта абстаўляецца? Гэта мастытных кароў так прадаюць?

І мастытных, і здаровых: нібыта карова падохла сама, яны зрабілі ўскрыццё і яе ўтылізавалі. А насамрэч прыехалі кааператары, забілі, аблупілі і забралі.

Гутарыла Ларыса Шчыракова

 

 

 

 

 

gomelspring.org

author avatar
Zhukouski Kastus
Только самое горячее

Закрепите на Pinterest

Translate »
Яндекс.Метрика