Актывісты польскіх нацыяналістычных арганізацыяў (у польскіх медыях іх называюць «нарадоўцамі» або правымі арганізацыямі) правялі акцыю пратэсту каля галоўнага офісу польскага філіялу «Facebook’у» у Варшаве. Падчас акцыі гучалі заклікі да забароны гэтай сацыяльнай сеткі ў Польшчы.
Удзельнікі акцыі пратэсту звярнуліся да кіраўніка сацсеткі Марка Цукерберга і польскага ўраду з патрабаваннем адблакаваць іхныя профілі ў «Facebook’у».
«Справа не ў «Facebook’у», а ў свабодзе і 54 артыкуле Канстытуцыі – права на распаўсюд інфармацыі. Нашыя профілі аб’ядноўвалі мільёны людзей. Яны заблакавалі самыя папулярныя. Імаверна, камусці гэта не падабаецца», – заявіў падчас свайго выступу на акцыі пратэсту прадстаўнік «Усепольскай моладзі» Кшыштаф Босак.
Адміністратары «Facebook’у» заблакавалі старонкі «Усепольскай моладзі» (Młodzież Wszechpolska), «Нацыянальна-радыкальнага лагеру» (Oboz Narodowo-Radykalny), «Нацыянальнага руху» (Ruch Narodowy) ды шэрагу прыватных асобаў, якія належаць або сімпатызуюць праварадыкальным арганізацыям.
Паводле кіраўніцтва «Facebook’у», допісы на старонках гэтых арганізацыяў супярэчылі правілам сацсеткі і мелі расісцкі, ксенафобскі ды гамафобны характар.
«Facebook» дазваляе кожнаму карыстальніку сацыяльнай сеткі паскардзіцца на прыватную асобу або арганізацыю. Скаргі аналізуюцца групай экспертаў, якія пазней прымаюць рашэнне адносна аб’ектыўнасці прэтэнзіяў да той ці іншай арганізацыі ці асобы.
11 лістапада ў Варшаве адбудуцца вулічныя акцыі з нагоды абвяшчэння незалежнасці Польшчы. Адной з самых гучных акцыяў стане «Марш Незалежнасці» з удзелам польскіх праварадыкалаў, які амаль заўсёды суправаджаецца сутычкамі з паліцыяй ды вулічнымі закалотамі.
Старонка «Маршу Незалежнасці» на «Facebook’у» таксама была заблакаваная, але пасля выдалення абразлівых пастоў зноў стала даступнаю.