Савет Міністраў зацвердзіў пакет дакументаў да паправак у некаторыя беларускія законы, якія датычацца абароны дзяцей ад інфармацыі, якая можа прычыніць шкоду іх здароўю і развіццю. Апаведнае рашэнне змешчана ў пастанове ўрада ад 25 кастрычніка 2016 года нумар 871.
Сярод іншага размова ідзе аб палажэнні, якім устанаўліваецца парадак маркіроўкі інфармацыйнай прадукцыі (акрамя фільмаў, прызначаных для паказу на тэрыторыі Беларусі), у ім таксама прапісаны некаторыя асаблівасці яе распаўсюджвання. У гэтым выпадку маюцца на ўвазе ўзроставыя катэгорыі «0+» (што азначае без абмежаванняў, або ўніверсальная), «6+» (для асоб, якія дасягнулі шасці гадоў), а таксама катэгорыі «12+», «16+» і «18+». Катэгорыя «18+», інакш кажучы, азначае, што гэта прадукцыя забаронена для дзяцей.
Калі гаварыць канкрэтна, прысваенне знака ўзроставай катэгорыі датычыцца друкаваных, тэлевізійных і радыйных сродкаў масавай інфармацыі, друкаваных выданняў, інфармацыйных рэсурсаў (іх састаўных частак), размешчаных у інтэрнэце, а таксама камп’ютарных гульняў, аўдыявізуальных твораў, фанаграм і г.д.
Пры гэтым для распаўсюджвання на тэрыторыі Беларусі інфармацыйнай прадукцыі, вырабленай за мяжой (калі раней яна не была прамаркіравана), распаўсюджвальнік мае права ў адпаведнасці з устаноўленымі крытэрыямі зрабіць гэта самастойна. У прыватнасці, шляхам размяшчэння наклейкі з выявай маркіровачнага знака непасрэдна на інфармацыйнай прадукцыі, або на прымацаванай да ёй этыкетцы, або на спажывецкай упакоўцы, або на афішах і іншых аб’явах аб культурным мерапрыемстве. Гэта ж правіла распаўсюджваецца на маркіроўку ўваходных білетаў, запрашэнняў або іншых дакументаў, якія даюць права наведваць культурныя мерапрыемствы.
Што ж датычыцца маркіроўкі радыёперадач, то ў гэтым выпадку маецца на ўвазе гукавое папярэджанне, якое паказвае на ўзроставую катэгорыю дзяцей, сярод якіх дапускаецца распаўсюджванне. У сваю чаргу ўладальнік інфармацыйнага рэсурсу (яго састаўной часткі) у інтэрнэце мае права размясціць знак узроставай катэгорыі на галоўнай старонцы гэтага рэсурсу, у зручным для агляду месцы.
Яшчэ адно распрацаванае палажэнне ўстанаўлівае крытэрыі вызначэння ўзроставай катэгорыі дзяцей, сярод якіх дапускаецца распаўсюджванне той або іншай інфармацыйнай прадукцыі. Так, напрыклад, да крытэрыяў вызначэння ўзроставай катэгорыі належаць тэматыка, жанр, змест і мастацкае афармленне інфармацыйнай прадукцыі. Будуць улічвацца асаблівасці ўспрымання інфармацыі дзецьмі пэўнага ўзросту і магчымасць негатыўнага ўздзеяння на іх інфармацыі, а таксама шэраг іншых фактараў.
Акрамя таго, у пакеце дакументаў зацверджана Палажэнне аб грамадска-кансультатыўным савеце па абароне дзяцей ад інфармацыі, якая прычыняе шкоду іх здароўю і развіццю. Раней аб гэтым савеце, які ствараецца пры беларускім урадзе, гаварыў міністр адукацыі Міхаіл Жураўкоў. Савет з’яўляецца грамадскім кансультацыйным і каардынацыйным органам у названай сферы, менавіта ён будзе выпрацоўваць рэкамендацыі і прапановы па фарміраванні і правядзенні адпаведнай дзяржпалітыкі.
Грамадска-кансультатыўны савет фарміруецца з прадстаўнікоў рэспубліканскіх органаў дзяржкіравання, грамадскіх аб’яднанняў і іншых арганізацый. Узначаліць яго міністр інфармацыі Беларусі Лілія Ананіч. Старшыня савета, яго намеснікі і іншыя ўдзельнікі будуць працаваць на грамадскіх пачатках. Пры гэтым да работы па меры неабходнасці могуць прыцягвацца спецыялісты, вучоныя і эксперты іншых арганізацый (з іх згоды), таксама на бязвыплатнай аснове.