VELCOM аб’яднаўся з літаратарамі дзеля ўрокаў беларускай мовы

На Берасцейшчыне іх дадуць дзясяткі. Настаўнікамі на ўроках казачнік Уладзімір Ліпскі і слынны актор Юрый Жыгамонт, вядоўцам наш артыст Сяргей Пяткевіч, гульні праводзіць прадстаўнік гандбольнага клуба імя Мяшкова Іван Караічаў.

На ўрок 1 верасня ў гімназіі №3 давялося паспяшацца з-за дрэнных дарог. Ехаў, як заўсёды, на веліку, таму асабліва даліся ў знакі і касыя з’езды  на веладарожцы з Усходу да цэнтра, і ямы на Зубачова. Не ехаць жа галоўнымі трасамі міма Чыгуначнага вакзала. Яны забітыя. Пасля мосціка перад мясакамбінатам уздыхнуў з палёгкай: амаль даехаў. Ды не ўдалося. На вуліцы пісьменніка Смірнова, перад самым комплексам школ, дагнаў патруль ДАІ. Выпісалі штраф за язду па праезнай частцы. “Узбочына пясчаная была,  – кажу,  – а тут пешаходаў многа, і з’езды “гарбатыя”. Немагчыма ехаць. Дзве паласы на дарозе, каму я замінаю”. “Да нет, – павучае маёр. – У нас съезды везде фактически отсыпаны, асфальтобетонной смесью”. Пасля ўрока адмыслова праехаў, пафоткаў нават. Ніводнага з’езда, скрозь “гарбатыя” бардзюры, некаторыя вышэй за мой мабільнік , а ён 11 сантыметраў. Сорамна хлусіць, афіцэры, ды й яшчэ хлуснёй прыкрываць незаконнае спагнанне грошай.

На урок крыху спазніўся. Актавая зала гімназіі прыняла каля ста друга- і трэцякласнікаў. Дзеці ўсе былі з жоўтымі “вэлкомаўскімі” шарыкамі. Настрой самы святочны. Таму прапанову сівога спаважнага  дзядзькі Ліпскага выставіць яму, настаўніку, у канцы адзнаку дзятва прыняла з асаблівым энтузіязмам. А той як узяў у рукі ніці ўрока, дык так і не выпусціў іх да канца. Узяўся вучыць дзяцей пісаць казкі. А тым толькі гэтага і трэба! “Пра што заўгодна можна напісаць казку. Ну, вось крэсла…”. Карацей, гэта трэба перажыць, – пераўвасобіўшыся ў сябе малога. Яны востра так ўспрымаюць – глядзі фота.

У хадзе ўрока Ліпскі “засвяціўся” – насамрэч ён пісьменнік, аўтар шматлікіх кніжак, галоўны рэдактар  уганараваных  дзіцячых часопісаў “Вясёлка” і “Буся”.

Нечакана спрытна асіставаў Ліпскаму ў ягонай элегантнай манеры гульні магутны ў плячах Караічаў. Нагадаў, што брэсцкі клуб прыхільны да беларускай мовы, робіць на ёй білборды, і правёў слоўную віктарыну. Якія перамены адбыліся ў гарадскіх дзецях, падумалася мне. Здавалася б, глухая будзе цішыня ў адказ, а як па-беларуску “вратарь”? …“любитель”? Ды не, хорам так гучала: “брамнік”, “аматар”.  Так што спадару гандбалісту роля рэферы цяжкай выпала. Прызоў не хапіла нават, ды ён не разгубіўся: “Зараз пашукаю”.

Энтузіязм школьнікаў выклікалі заданні настаўніка: пачаць пісаць па-беларуску кнігу пра маму (што згатавала, якога колеру сукенку апранула, што добрага сказала ўвечары) і разгорнута апісаць  тату (тата-Тры “т”, “тапкі-тахта-тэлевізар” ці тата-Тры “д”, “дом-дзеці-дысціпліна”. Справа засталася за малым – каб бацькі паспрыялі выкананню гэтага задання.

Начальніку аддзела карпаратыўных камунікацый мабільнага аператара Velcom  забаўна было, што іх адукацыйны тур па Берасцейшчыне пачаўся з вуліцы Смірнова. “Бо я і сам Смірноў, толькі Вячаслаў,  –  падасціпнічаў ён і перайшоў да сур’ёзнага. – Мы да беларускай мовы ставімся з піетэтам. Нашы абаненты добра гэта ўспрымаюць. Дабрачынна падтрымліваем два накірункі: дапамога дзецям і нацыянальная ідэнтычнасць: мова,  літаратура, усё, што звязана з беларускасцю. Вылучылі гэтыя накірункі дэмакратычна, шляхам апытання супрацоўнікаў.   У гэтым праекце накірункі перакрываюцца. Праект “Чытаем па-беларуску з Velcom”  доўжыцца ўжо год. Працягваць яго будзем скрозь па Беларусі. Агулам гэта будуць 150 школ і больш за 15 тысяч вучняў”.

1

Смірноў-Вэлкомаўскі  дае настрой на ўрок белмовы.

Слухаючы спадара Смірнова, на аўтамаце згадаў, што Velcom  ужо адзначыўся ў Брэсце бясплатнымі велапаркоўкамі і адукацыйным праектам Велаакадэміі (якую паспяхова (смайлік!) скончыў і я – дома на бачным месцы вісяць правы кіроўцы веласіпеда адVelcom).

2

Пісьменнік Ліпскі ў гімназіі №3.

Уладзімір Ліпскі для “Брестского курьера” адзначыў: “Я толькі павінен парадавацца, што такая салідная кампанія, як Velcom, падтрымала гэты незвычайны рух за беларускасць, за беларускую мову. Маладыя, энергічныя… Вы глядзіце, яны прывезлі кожнаму па “Вясёлачцы” і па шарыку. “Вясёлка” якраз тое выданне, якое вучыць мове. А яна адметная ў свеце. Толькі ў нас ёсць “дз”, “дж”, апостраф, а “і” ды “у” могуць мець кароны.  Па мілагучнасці наша мова лічыцца адной з першых. Вось каб многія кампаніі, якія працуюць у Беларусі, падтрымалі…” Далей спадар Ліпскі зацеміў, што ў рэдакцыі “Вясёлкі” ёсць тое, чаго “няма анідзе”… аддзел сувязяў з грамадскасцю! “І з Velcom ён наладзіў сувязь, і з іншымі арганізацыямі ды асобамі падтрымлівае”. А з колькімі не падтрымлівае, праскочыла гарчынкай думка. Колькі абыякавых.

3

3а

“Вядоўца ўрокаў, ваш Сяргей Пяткевіч,  вучыўся ў адной групе зЮрыем Жыгамонтам”, –  усцешыла мой слых журналіста прэс-сакратарка Velcom. Харызматычны “дылетант” праводзіў урокі ў іншай школе, так што давялося яго пачакаць.

“Пачыналі гэты праект з Velcom у Мінску, летась увосень, зараз будзе Берасцейшчына, далей Віцебшчына, Гарадзеншчына…,”  – панадліва пачаў Жыгамонт . “Зноў робіце “Падарожжы дылетанта, ці як?” – не ўтрымаўся ад спакусы пагумарыць я. “Гэта “Падарожжы дылетанта”, так, толькі трохі іншыя”, – прызнаў Юрый. – Сёння ў вас было чатыры школы, заўтра яшчэ тры. Люблю Берасцейшчыну, люблю падарожжы. Пазаўчора былі ў Навасёлках Кобрынскага раёна. У Сяльцы былі, Бярозаўскага раёна. Тут калі кажаш да людзей у вёсках “Добры дзень”, дык адказ заўсёды “Добрага здароўя”. У нас далей на ўсход гэта адмёрла. “Здрасьце” кажуць. Добра, што Velcom гэты школьны праект падтрымлівае.”

Далей  спадар Жыгімонт  таксама быў паслядоўным: “МАюVelcomаўскі нумар.” Пра свой  мегапапулярны, да сыходу з экранаў, тэлепраект  сказаў, што пакуль без перамен –  існуе ў інтэрнэце.

6а

6Жыгамонт

Ёсць, ёсць нежывёльныя ноткі ў плыні нашага жыцця, думалася па дарозе дахаты. Да беларускіх акордаў спрычыніліся, даволі нечакана, Velcom і клуб імя Мяшкова. Анатоля Пятровіча Мяшковапамятаю яшчэ з бытнасці маёй працы на спортфаку тутэйшага ўніверсітэта. Сам з нараджэння расіянін, але душою наш, брэсцкі. Сын у адміністрацыі Газпрама. Зацемім: кампанія для суседзяў дзяржаваўтваральная, а глядзі ты – заснавала клуб імя памёрлага трэнера-брэстаўчаніна, спартоўцы пераймаюцца беларускай мовай. Суб’ектыўны фактар? Хай сабе і так, хіба ад гэтага менш прыемна?  Velcom таксама кампанія з не самым сябровістым да айчыннай культуры замежным капіталам,  у гэтым японцаў ды немцаў абыйсці цяжка. Але  – стварае ім у гэтым канкурэнцыю.

Прыемная чуйнасць.

55а

Дарэчы, пакуль шукаў Жыгімонта, натрапіў на непаўторную карціну. Топчацца ля брамкі  суседняй школы старшакласнік з букетам у руках. Хвалюецца. Няйначай, дзяўчыну чакаеш тут, пытаю. Не. А каго? Няўжо настаўніцу? Ківае галавой. Што выкладае? “Беларускую мову”.

Дарэчы-2. А вось колішнія міліцыянты адмовіліся ўзаемнічаць са мной па-беларуску. Дэманстратыўна. Такія вось антыканстытуцыйныя гульбішчы дарослых.  Далі б ім іхнія начальнікі ўрок ад Velcom, ці што.

 

 

 

 

bk-brest.by

author avatar
Zhukouski Kastus
Только самое горячее

Закрепите на Pinterest

Translate »
Яндекс.Метрика