Віллянін хутар, скейт-парк, пляцоўка для заняткаў гімнастыкай і трэнажоры на свежым паветры. Хто так клапоціцца пра добраўпарадкаванне Вілейкі і як гэта атрымліваецца? Па словах галоўнага архітэктара Галіны Кажарновіч, добраўпарадкаванне горада — гэта перш за ўсё вынік ініцыятывы людзей. Грошы — паняцце другаснае, пiша «Рэгiянальная газета».
Некалі ў мастака Барыса Цітовіча з’явілася ініцыятыва зрабіць капліцу ў гонар салдат Першай сусветнай вайны. Ладзілі суботнікі, звярталіся па дапамогу да прадпрыемстваў. І сёння капліца стаіць на вуліцы 1 Мая.
Ініцыятыву калекцыянера Уладзіміра Ліхадзедава таксама падтрымалі. Цяпер помнік, прысвечаны падзеям 1812 года ўсталяваны ля дарогі «Вілейка-Маладзечна». Сюды прыязджаюць французкія і польскія дэлегацыі.
Віллянін хутар цяпер вельмі папулярны ў моладзі, дзяцей, рыбакоў. А ў свой час яго стварэнне было ініцыятывай дырэктара Вілейскай службы занятасці Таццяны Цітуленкі.
Скейт-парк замест пляцоўкі для чытання
Адкрыццё ў свой час фантана ў Вілейцы — гэта ўжо ініцыятыва мясцовых уладаў.
— Хацелася, — кажа галоўны архітэктар, — прывабіць людзей на гарадскую плошчу. Доўгі час яна была пустой і разглядалася толькі як месца правядзення парадаў.
Вырашылі, што жыхароў найбольш прывабіць фантан. І не памыліліся. На доўгі час плошча стала любімым месцам адпачынку моладзі. А архітэктары іншых гарадоў прыязджалі, каб пераняць досвед калег.
Цяпер жа маладыя людзі «перайшлі» на скейт-пляцоўку. Па словах Галіны Кажарновіч, былі задумы на месцы скейт-парка зрабіць зону для чытання на свежым паветры. Або зладзіць пляцоўку для прагляду фільмаў.
Але намеснік дырэктара Вілейскага палаца культуры Вольга Шляпо адчула, што маладым людзям патрэбна нешта іншае. Яна стала аўтарам і кіраўніком стварэння скейт-парку ў горадзе, выйграўшы грант ЕС/ПРААН.
Пра тое, што добраўпарадкаваць горад можна з дапамогай грантаў, у Вілейцы даведаліся сем-восем год таму на адным з раённых мерапрыемстваў. Знайшліся зацікаўленныя людзі. Яны аб’ядналіся ў таварыства «ЗОВіК», што значыць «заўзятыя аптымісты Вілейшчыны і кампанія».
Кіруе таварыствам дырэктар Вілейскага цэнтра занятасці Таццяна Цітуленка. Узяўшыся за працу з грантамі, жанчына зразумела: каб атрымаць грошы на родны горад, таварыства павінна напрацаваць сабе пэўную «гісторыю». Віляйчане пачалі ездзіць на тэматычныя семінары, заяўлялі пра сябе, свой горад, уласныя ідэі. І іх заўважылі.
Праекты для вёскі і горада
«Ачысцім малую раку Пляснянку — выратуем Балтыйскае мора» — так называўся адзін з праектаў, на які Вілейка выйграла грант. Пляснянка — прыток Віліі, Вілія ўпадае ў Нёман, а Нёман — у Балтыйскае мора. Прыток Віліі ачысцілі, умацавалі рэчышча. Пасля нават з’явілася настольная кніга па экалогіі. Як кажа Таццяна Цітуленка, экалагічныя праекты цяпер вельмі актуальныя.
На грошы, атрыманыя на арганізацыю праекта «Ад ідэі кожнага — да развіцця Вілейскага рэгіёна» набылі ровары, распрацавалі турыстычныя маршруты для раварыстаў.
Карысным для горада стаў праект па асобным зборы смецця. У Вілейцы з’явіліся спецыяльныя сметніцы. Сярод віляйчан зладзілі конкурсы малюнкаў і слоганаў на білборды. Зрабілі нават своеасаблівы марш «Ад сметніцы да сметніцы».
Па словах Таццяны Цітуленкі, карысць грантаў у хуткім часе адчуюць і жыхары сельскай мясцовасці. Віляйчане выйгралі конкурс сумесных ініцыятыў, які зладзіла беларуская некамерцыйная ўстанова «Новая Еўразія». Конкурс праводзілі для таго, каб пашырыць эканамічныя магчымасці сельскіх тэрыторый краіны.
Праект будуць запускаць у Крывасельскім сельскім савеце. І пэўныя работы ўжо праводзяць. З жыхарамі размаўлялі эксперты, як вяскоўцы бачаць эканамічнае развіццё сваёй мясцовасці.
Хтосьці пажадаў разводзіць курэй, хтосьці авечак. А некаму патрэбныя веды і навучанне ў гандлі. На гэта і будуць накіраваны атрыманыя сродкі.
— Галоўнае, — «запаліць» людзей сваёй ідэяй. І тады ўсё атрымаецца, — дзеліцца рэцэптам поспеху Таццяна Цітуленка.
І ўсё ж для поўнага шчасця павінна чагосьці не хапаць. Больш «жывым», лічыць галоўны архітэктар, павінен стаць Віллянін хутар. І пачаць можна з адкрыцця кафэ з нацыянальнымі стравамі.
Не хапае Вілейцы і добраўпарадкаванага прыбярэжжа Віліі. Каб гараджане маглі адпачыць ля вады. Каб было адкуль адправіць традыцыйную экспедыцыю па шляхах Тышкевіча.
І вілейскія энтузіясты ўжо займаюцца гэтымі пытаннямі.
— Была б ідэя, а грошы заўсёды знойдуцца, — пераканана Галіна Кажарновіч.