На буйных беларускіх сайтах прыватных абвестак з’явіліся першыя паведамленні аб продажы планшэтаў Samsung Galaxy Tab. Тых самых, якія былі сярод падарункаў удзельнікам V Усебеларускага з’езду.
Прадавец Арцём з Магілёўскай вобласці хоча збыць такі планшэт за 3 мільёны рублёў. Гэта дастаткова выгадная прапанова, бо такія прылады каштуюць прыкладна 3,7—4,5 мільёна. «Абсалютна новы, у падарунак атрымаў, яшчэ не карыстаўся нават», — сказаў ён нам.
Калі мы спыталіся, ці ёсць на планшэт гарантыя, то Арцём адказаў, што няма.
На прамое пытанне, ці не атрымаў уладальнік планшэт на «сходзе», Арцём адказаў: «Не зусім там». Ніякіх пытанняў, што за сход, дзе раздавалі планшэты, у прадаўца не ўзнікла.
Галоўны рэдактар «Советской Белоруссіі» Павел Якубовіч заявіў, што планшэты, якія атрымалі ў падарунак удзельнікі Усебеларускага сходу — спонсарская дапамога, а не купленыя за грошы дзяржавы.