У Магілеўскім раёне пацыентаў будуць лячыць па інтэрнэту

У Магілёўскім раёне сельскіх жыхароў будуць абслугоўваць з дапамогай відэасувязі. Сучасныя тэхналогіі дапамогуць урачам магілёўскай паліклінікі № 11 праводзіць прафілактычную работу, карэкціраваць лячэнне. У анлайн-рэжыме яны будуць праводзіць відэаканферэнцыі з урачамі, якія працуюць на вёсцы, ажыццяўляць кансультацыі.

Анлайн-сувязь для вёскі – дзёрзкі праект

Ініцыятыва запрацавала дзякуючы ўважлівасці галоўнага ўрача магілёўскай паліклінікі №11 Сяргея Караева. Гэта ён зацікавіўся аб’явай у інтэрнэце і прыняў рашэнне паўдзельнічаць у конкурсе ПРААН «Садзейнічанне развіццю на мясцовым узроўні ў Беларусі».

А натхняльнікам і распрацоўшчыкам стала начальнік гаспадарчай часткі Вольга Масольд. Як чалавек неабыякавы да ўсяго перадавога, яна прыгадала, што некалькі гадоў таму чытала ў інтэрнэце пра работу амерыканскіх медыкаў з насельніцтвам пры дапамозе відэасувязі. Сёння для медыцынскіх устаноў буйных гарадоў Беларусі гэта таксама не навінка, але ж размова ідзе пра вёску. Укараненне тут анлайн-сувязі – інавацыйны і нават у чымсьці дзёрзкі праект.

Цікава, што для падстрахоўкі пададзена была заяўка на яшчэ адзін, менш амбіцыйны праект, які датычыўся ўстаноўкі на адной з участковых бальніц сонечных батарэй. Але перамагла менавіта «Васа» — так Вольга сімвалічна назвала свой праект з відэасувяззю. У перакладзе з лацінскай гэта «ягадка». Маўляў, пакуль усё, што робіцца, гэта кветачкі, а «ягадкі» будуць потым — у выглядзе больш дакладнай пастаноўкі дыягназаў, і, як следства, зніжэння ўзроўняў захваральнасці і смяротнасці.

На рэалізацыю праекта выдзелены грант на суму каля 18 тысяч долараў і каля 2 тысяч долараў паліклініка гатова ўнесці сама. Спадзяванні на гэты праект вялікія.

«У нас на абслугоўванні 29 тысяч жыхароў Магілёўскага раёна. Каля 30% — гэта пенсіянеры, але павялічваецца і колькасць дзяцей. Улічваючы, што там у асноўным маладыя спецыялісты, такі спосаб дачыненняў вельмі неабходны і карысны. Яны змогуць аператыўна звязацца са сваімі больш вопытнымі калегамі, атрымаць неабходныя звесткі ад вузкіх спецыялістаў. Можна будзе аператыўна перадаваць у электронным выглядзе выпіскі, даведкі. А яшчэ — праводзіць ВКК на адлегласці, калі частка спецыялістаў будзе знаходзіцца на раёне, а частка тут, у горадзе. І людзям не спатрэбіцца лішні раз ехаць да нас», — радуецца будучым магчымасцям Сяргей Караеў.

У планах — паступова ахапіць відэасувяззю ўсе 33 падраздзяленні з ліку бальніц, амбулаторый і ФАПаў.

Праект будзе ўкараняцца адначасова з пераходам усіх медыцынскіх устаноў на адзіную рэспубліканскую медыцынскую інфармацыйную праграму. У 11-й паліклініцы ўжо камп’ютарызаваны ўсе тэрапеўтычныя і педыятрычныя кабінеты.

Рэ­гіст­ра­ту­ра па­лі­клі­ні­кі ўжо спра­буе пра­ца­ваць з элект­рон­ны­мі карт­ка­мі па­цы­ен­таў па пра­гра­ме «Ле­кар».

Праект павінен запрацаваць да 30 чэрвеня, кожна крок будуць правяраць

Фото: zviazda.by

У канцы студзеня Вольга Масольд пабывала ў Мінску на семінары, дзе з пераможцамі конкурсу ПРААН былі заключаны дамовы.

«Трэба скласці падрабязную праграму нашых далейшых дзеянняў, — расказвае Вольга. — Будзе вывярацца кожны наш крок, за кожную суму грошай трэба даваць поўную справаздачу. Да 30 чэрвеня праект павінен ужо запрацаваць. У гэтым месяцы мы адкрылі разліковы рахунак, першы транш паступіў».

Партнёрамі па ўкараненні ініцыятывы — іх наяўнасць была абавязковая па ўмовах конкурсу — сталі Магілёўскі тэхнапарк і раённая арганізацыя БРСМ. Тэхнапарк аказаў дапамогу ў падрыхтоўцы ініцыятывы, а моладзь зараз на ўсіх сваіх мерапрыемствах рэкламуе праект. Расказвае, што быць ініцыятыўным сёння — патрабаванне часу. І паліклініка № 11 — яскравы прыклад таго, як гэта можа працаваць.

«Трэба адсочваць такія прапановы і дзейнічаць, — кажа Вольга Масольд. — Арганізацыі, якія могуць дапамагчы фінансава, размяшчаюць свае ўмовы на сайтах. Я была сведкам таму, як адзін з дамоў-інтэрнатаў Магілёўскай вобласці выйграў грант на адкрыццё майстэрняў для інвалідаў. А нейкі краязнаўца знайшоў такім чынам грошы на выданне кнігі пра свае адкрыцці».

Сацыяльныя праблемы агульныя з медыцынскімі

Самастойна знайсці грошы на рэалізацыю праекта, за які ўзялася раённая паліклініка, сёння не проста. Удзел у конкурсе ПРААН — пакуль што першая спроба вырашыць надзённае пытанне. Пры дэфіцыце сродкаў цяжка бывае не пакрыўдзіць пацыентаў. Але тут імкнуцца знаходзіць залатую сярэдзіну. Такі балючы працэс, як аптымізацыя, таксама праводзіўся з улікам усіх «за» і «супраць».

У Семукачах, напрыклад, быў ФАП, а за 4 кіламетры — амбулаторыя. Вырашана было з ФАПа зрабіць амбулаторыю. Семукачы ўсё ж такі цэнтр гаспадаркі, там больш насельніцтва. А летась з Нядашава перанеслі ФАП у Амхавую. Зноў-такі з тых меркаванняў, што там больш насельніцтва. Да таго ж Амхавая знаходзіцца на трасе і даехаць туды спадручней.

«Па родзе дзейнасці медыкі заўсёды сутыкаюцца з праблемамі людзей не толькі медыцынскага характару, — кажа Сяргей Караеў. — Атрымаўшы інваліднасць, страціўшы магчымасць працаваць па спецыяльнасці, чалавек перш за ўсё звяртаецца да нас. І тут аднымі медыцынскімі паслугамі справы не абмяжоўваюцца. Аднаўляем дакументы, нават займаемся пахаваннем. Таму што часцей за ўсё паміраюць адзінокія або кінутыя роднымі людзі. Адарваць медыцыну ад грамадства наогул немагчыма. У нас медыкі пры наведванні сацыяльна небяспечных сямей або адзінокіх старых звяртаюць увагу не толькі на стан здароўя людзей і наяўнасць лекаў, але і на санітарныя ўмовы. Цікавяцца, ці патрэбна дапамога. Калі да нас толькі прыехалі бежанцы з Украіны, мы аднымі з першых падымалі пытанне, як быць з цяжарнымі жанчынамі. Людзі вымушаны былі ў спешцы кінуць свае дамы, некаторыя нават не мелі сродкаў для існавання. Дзе ім было ўзяць сродкі на тыя ж роды? І мы яшчэ да Указа дапамагалі медыцынскімі паслугамі тым, каму прыйшоў час нараджаць».

На жаль, ёсць пытанні, якія паліклініка самастойна не можа вырашаць. Парадокс у тым, што ўстанова абслугоўвае сельскае насельніцтва, але фінансуецца з гарадскога бюджэту, бо знаходзіцца на тэрыторыі абласнога цэнтра.

«Такое рашэнне было прынятае Саўмінам яшчэ ў 2005 годзе, але гэта не вельмі зручна, — лічыць галоўны ўрач. — Фінансаванне павінна зыходзіць з таго адміністрацыйнага цэнтра, які адказвае за людзей. Магілёўскі райвыканкам гатовы гэта рабіць, але не мае законнай падставы. Нам жа зручней працаваць з раённым бюджэтам. Я кантактую з раённымі службамі – Жылкамгасам, ратавальнікамі, міліцыяй, але мы існуем у розных фінансавых вымярэннях. А маглі б аказваць паслугі не толькі за грошы, але і па ўзаемаразліках».

Перамога ў конкурсе ПРААН стала першым прыкладам, калі раённая ўстанова аховы здароўя зарабіла на сваёй ініцыятыве амаль 18 тысяч даляраў. У планах — закупіць камп’ютары з 3G-інтэрнэтам, web-камеры і навушнікі для ўрачоў і фельчараў і аб’яднаць у адзіную сетку 3 участковыя бальніцы, 6 амбулаторый і 2 ФАПы. Да канца чэрвеня праект павінен быць цалкам рэалізаваны.

 

TUT.BY

author avatar
Zhukouski Kastus
Только самое горячее

Закрепите на Pinterest

Translate »
Яндекс.Метрика