НА «ГОМЕЛЬПРАМБУД» ЗНІЗІЛІ ЗАРПЛАТЫ. НЯЗГОДНЫХ РАБОЧЫХ ЗВОЛЬНІЛІ

Віталь Кандрашоў і Яўген Ляўшун былі звольненыя без выканання патрабаванняў заканадаўства пасля таго, як яны не пагадзіліся на зніжэнне тарыфнай стаўкі на 20%. Рабочыя падалі ў суд на «Гомельпрамбуд», патрабуючы аднаўленьня на працы.

Як паведаміў praca-by.info прававы інспектар прафсаюза РЭПЛеанід Судаленка, машыністы аўтамабільных кранаў упраўлення механізацыі філіяла №11 ААТ «Гомельпрамбуд» Віталь Кандрашоў і Яўген Ляўшун падалі пазоў да наймальніка з патрабаваннем аднаўлення на працы, аплаце за час вымушанага прагулу і спагнання канчатковага разліку пры звальненні.

Да 5 і 4 студзеня 2016 года адпаведна машыністы працавалі па бестэрміновых працоўных дагаворах.

Як распавёў Віталь Кандрашоў, ім нечакана, нічога не патлумачыўшы, прапанавалі пайсці на зніжэнне тарыфнай стаўкі на 20% (каля паўгода таму зарплаты ўжо зніжаліся). Калі працоўныя з гэтай прапановай не пагадзіліся, іх звольнілі на падставе п.5 артыкула 35 Працоўнага кодэкса (у сувязі з адмовай ад працягу працы са змяненнем умоў працы).

Машыністы мяркуюць, што такім чынам былі парушаныя палажэнні Працоўнага кодэкса. Згодна з артыкулам 32 наймальнік абавязаны папярэдзіць работніка аб змене істотных умоў працы пісьмова не пазней, чым за адзін месяц.Тады як адказчык азнаёміў машыністаў з загадам аб змене істотных умоў працы з 1 студзеня 2016 г толькі 29 і 22 снежня 2015 года адпаведна.

Акрамя таго, у дзень звальнення рабочых наймальнік не зрабіў канчатковага разліку па заработнай плаце, грашовай кампенсацыі за нявыкарыстаныя дні працоўных адпачынкаў і не выплаціў выхадную дапамогу на падставе п.2 артыкула 48 Працоўнага кодэкса.

У сувязі з гэтым Віталь Кандрашоў і Яўген Ляўшун просяць суд прызнаць іх звальненне незаконным, аднавіўшы на ранейшай працы, а таксама спагнаць з адказчыка аплату за час вымушанага прагулу, нявыплачаную заработную плату пры звальненні і сярэдні заробак за кожны дзень затрымкі выплаты канчатковага разліку пры звальненні.

 

gomelspring.org

Закрепите на Pinterest

Translate »
Яндекс.Метрика