Пісьменніку Міхасю Кавылю споўнілася 100 гадоў: яго павіншавалі Барак і Мішэль Абамы

Паэт Міхась Кавыль (сапраўднае імя — Язэп Лешчанка) нарадзіўся на Случчыне 1 снежня 1915 г., а бальшыню жыцця пражыў у амерыканскім горадзе Саўт-Рывэры, штат Нью-Джэрсі.

Фота: Янка Запруднік, nn.by
Міхась Кавыль з віншавальнымі падарункамі. На заднім плане (злева): сын Жорж, нявестка Сындзі, унук Мэцью і сын Міхась.
Фота: Янка Запруднік, nn.by

Сям’я і сябры Міхася Кавыля адзначылі ў нядзелю, 29 лістапада, стагоддзе ягонага жыцця, плённага на ніве роднага слова і грамадcкай дзейнасці. У царкве св. Еўфрасінні Полацкай хор праспяваў юбіляру «Многая лета», а на пачастунку ў ягоным доме ўсе дружна праспявалі вельмі папулярную песню на словы ягонага верша «Васілёчкі»:

Расцвіталі ў полі васілёчкі,
Ой, чаму кароценькія ночкі,
Ой, чаму вялікія дзянькі?

Юбіляр атрымаў віншаванне з Белага дома ад прэзідэнта Барака Абамы і Мішэль Абамы.

Фота: Янка Запруднік, nn.by
Фота: Янка Запруднік, nn.by

Управа Беларускага інстытута навукі і мастацтва, сябрам якога на працягу доўгіх гадоў быў Міхась Кавыль, перадала яму і ягоным сынам і ўнукам разам з віншаваннем копіі старонак з англамоўнай гісторыі беларускай замежнай літаратуры брытанскага прафесара Арнольда Макміліна, на якіх аўтар апісвае літаратурныя творы Міхася Кавыля.

Фота: Янка Запруднік, nn.by
Юбіляр сярод родных і сяброў. Фота: Янка Запруднік, nn.by
Кавыль Міхась (сапр. Лешчанка Язэп), нарадзіўся 01.12.1915 г. у вёсцы Покаршаў Слуцкага раёна Мінскай вобласці ў сялянскай сям’і.

Скончыў Грэскую сямігодку. Вучыўся на пазашкольным аддзяленні Беларускага педагагічнага тэхнікума ў Мінску (1930−1933). Быў сябрам «Маладняка». У 1933 годзе быў арыштаваны і асуджаны на 3 гады няволі. Адбываў пакаранне на Далёкім Усходзе (чацвёртае аддзяленне Дальлага). У канцы кастрычніка 1935 г. датэрмінова вызвалены «за ўдарную працу і добрыя паводзіны». Жыў у Варонежы (1935−1938), вучыўся ў педагагічным інстытуце на літаратурным факультэце (1936−1938), працаваў настаўнікам у пасёлку Ваўчок Варонежскай вобласці (1938−1941). З першых дзён вайны — на фронце. Ваяваў ва Украіне, у маі 1942 г. трапіў у акружэнне. З 1944 г. — у Германіі. У 1950 г. выехаў у ЗША, дзе жыве і цяпер.

Першы верш апублікаваў у 1929 г. (газета «Беларуская вёска»). Друкаваўся ў «Піянеры Беларусі», у дадатку да бабруйскага «Камуніста» — «Вясне», у часопісе «Маладняк». У эміграцыі выдаў зборнікі паэзіі «Ростань» (Рэгенсбург, 1947), «Пад зоркамі белымі» (Нью-Ёрк, 1954), «Першая рана» (Манчэстар, 1960), «Цяжкія думы» (ЗША, 1961), «Міжагнёўе» (Нью-Ёрк, 1990).

Перакладае творы расійскіх, украінскіх, англійскіх, польскіх паэтаў на беларускую мову.

news.tut.by

author avatar
Zhukouski Kastus
Только самое горячее

Закрепите на Pinterest

Translate »
Яндекс.Метрика