Бп. Аляксандр Яшэўскі пачне служэнне згодна са словамі свайго дэвізу: калі ў цябе ёсць Бог, у цябе ёсць усё.
Прадстаўнік Святога Айца Апостальскі Нунцый aрцыбіскуп Клаўдыё Гуджэроцці звярнуўся да прысутных у мiнскай архікатэдры 9 чэрвеня з цёплай прамовай з нагоды прызначэння прэзбітэра Аляксандра Яшэўскага, члена Салезіянскай Кангрэгацыі, дапаможным біскупам Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі.
«Новыя біскупы — не толькі знак любові Папы да Касцёла ў Беларусі, але і сведчанне таго, што гэты Касцёл узрастае, павялічваецца, за што мы ўсе павінны падзякаваць Богу. У Беларусі нялёгка знайсці кандыдатаў на новага біскупа, найперш таму, што ваш Касцёл вельмі малады, але гэта і вашае шчасце», — зазначыў прадстаўнік Папы.
Апостальскі Нунцый паведаміў, што асабіста ўзначаліць цэлебрацыю біскупскага пасвячэння ад імя Святога Айца, якая адбудзецца ў мінскай архікатэдры Імя Найсвяцейшай Панны Марыі 27 чэрвеня 2015 г. у 11.00.
«Заданне Яго Эксцэленцыі біскупа Аляксандра будзе вельмі канкрэтным і вельмі адказным… Па просьбе арцыбіскупа ён быў прызначаны дапаможным біскупам менавіта для Магілёўшчыны. Гэта тая зямля, якая калісьці даўно была вельмі славутая каталіцкай прысутнасцю на ёй. І зараз мы маем заданне адрадзіць гэтую прысутнасць», — сказаў Нунцый.
Арцыбіскуп Клаўдыё Гуджэроцці распавёў пра гісторыю Магілёўскай архідыяцэзіі ў ХІХ і ХХ стагоддзях, пра тое, як мясцовыя біскупы змагаліся супраць антыхрысціянскай прапаганды і былі вымушаныя цярпець пераслед за сваю вернасць Касцёлу, калі Беларусь была акупаваная Расійскай імперыяй і СССР.
Пад кіраўніцтвам Мітрапаліта Тадэвуша Кандрусевіча новы біскуп будзе дапамагаць каталіцкім супольнасцям Магілёўшчыны, каб рэлігійнае жыццё там узрастала, уздымалася і ўмацоўвалася.
«Таксама неабходна дапамагчы гэтым людзям адкрыць свае карані, сваё нацыянальнае паходжанне, каб яны таксама адчувалі сябе ўкаранёнымі ў сваю беларускую глебу. У той жа час падтрымліваючы адносіны павагі з суседскімі славянскімі народамі, з уладамі Праваслаўнай Царквы, з усім палітычным, эканамічным і культурным асяроддзем Магілёўшчыны», — акрэсліў абавязкі новага дапаможнага біскупа Нунцый.
А. Аляксандр Яшэўскі расказаў, што сёлета адзначае 15-годдзе святарства. Новапрызначаны іерарх пачне служэнне згодна са словамі свайго дэвізу, які кажа, што калі ў цябе ёсць Бог, у цябе ёсць усё.