Бацькі паскардзіліся ў пракуратуру на незаконнае затрыманне іх непаўнагадовых дзяцей

Група бацькоў  школьнікаў г.Гомеля звярнулася да пракурора горада са скаргай на супрацоўнікаў міліцыі Савецкага РАУС, якія, на іх думку, абсалютна незаконна і беспадстаўна 3 мая затрымалі ў скверы ля кінатэатра “Кастрычнік” іх дзяцей.

“Гэта была нядзеля – узгадвае абставіны затрымання Павал Курловіч – недзе ў абед мы з сябрамі сабраліся ў скверы ля кінатэатра пагуляць у футбол. Прыкладна ў 17.00 мы пайшлі ў краму “Аркадзія”. Як толькі выйшлі з крамы, нас паклікалі да сябе супрацоўнікі міліцыі. Мы падыйшлі, яны загадалі нам сесці ў міліцэйскі аўтобус. Мы запыталіся, што здарылася, у адказ пачулі, што, маўляў, у міліцыі паведамяць. Нам нічога не заставалася як сесьці ў аўтобус. Калі нас прывезлі ў міліцыю, там ужо знаходзілася прыкладна 25-30 маладзёнаў. Нават была адна дзяўчына, яе затрымалі разам з яе хлапцом. У нас узялі адбіткі пальцаў, праверылі ці не п’яныя мы, ці не пад наркотыкамі. Пратакола не складалі, узялі толькі тлумачэнне. У міліцыі мы даведаліся, што мы падазраемся ў масавай бойцы. Запыталіся нашыя дадзеныя, што мы рабілі ў скверы, хто паклікаў гуляць у футбол, ці ведаем мы вуліцу Мільчанскую, маўляў, там быў здзейснены крадзёж, дык вось, ці не датычны мы да яго. Некаторых з нас абшуквалі”.

“Міліцыянты забаранілі нам тэлефанаваць нашым бацькам – працягвае іншы затрыманы Ігар Аліеў. Нехта з нас спрабаваў зняць на мабільны тэлефон тое, што з намі адбываецца, міліцыянты сказалі, што разаб’юць тэлефон”.  

Праз тры гадзіны маладзёны нарэшце звязаліся са сваімі бацькамі. Першай прыехала маці Паўла Курловіча сп. Ніна. “Я зыпаталася ў намесніка начальніка Савецкага РАУС падпалкоўніка Шведава на якой падставе затрымалі майго сына і яго сяброў. Ён адказаў, што яны, міліцыя, папярэдзілі бойку.  Ён сказаў, што павінна была быць бойка, і яны яе прадухілілі. Ім, нібыта, паступіла інфармацыя пра маючую адбыцца бойку ў скверы і яны затрымлівалі ўсіх маладзёнаў з гэтай нагоды. І яшчэ ён дадаў, што мой сын апынуўся не ў тым месцы, не ў той час”.

На наступны дзень бацькі дзяцей даведаліся, што міліцыя паведаміла пра затрыманне ва ўсе навучальныя ўстановы.  У раённыя аддзелы адукацыі з Савецкага РАУС прыйшла папера з прозвішчамі затрыманых навучэнцаў. З гэтай нагоды дзяцей збіраюцца паставіць на ўлік ў камісіі па справах непаўнагадовых.

“Як можна так рабіць міліцыі? – абураецца бацька затрыманага хлапца Аляксандр Суслін – ламаюць дзецям жыццё. Незаконна самі затрымалі. Здзейснілі правапарушэнне. Якая гэта міліцыя? Які можа быць да яе давер і павага, калі такое адбываецца?  Сярод белага дня без дай прычыны затрымліваюць непаўнагадовых. Мы проста ў шоку ад таго, што адбылося з нашымі дзецьмі.”.

Бацькі затрыманых дзяцей настроены рашуча і маюць намер дамагчыся, каб службовыя асобы, адказныя за назаконнае затрыманне, панеслі адказнасць за супрацьпраўныя дзеянні.

“Мы гэта так не пакінем – эмацыйна кажа маці Ігара Аліева Алена Гайдзечка. Пасля раённай пракуратуры, мы маем намер скардзіцца ў Генеральную пракуратуру, вышэйшаму міліцэйскаму кіраўніцтву. Апроч таго, мы хочам знайсці максімальную колькасць пацярпелых ад міліцэйскага свавольства. Мы далі абвесткі ў газеты і сацсеткі, хочам знайсці іншых дзяцей, каб, надалей разам скардзіцца. І, канешне, хочам прыцягнуць увагу грамадскасці да гэтай сітуацыі праз СМІ”.

 

Гомельская Вясна

author avatar
Zhukouski Kastus
Только самое горячее

Закрепите на Pinterest

Translate »
Яндекс.Метрика