Ад рускамоўнага 8-класніка да народнага паэта: выйшаў першы том дзённікаў і запісаў Барадуліна

Да 80-годдзя Рыгора Барадуліна супольнымі высілкамі Згуртавання беларусаў свету “Бацькаўшчына” і Саюза беларускіх пісьменнікаў пабачыла свет унікальнае выданне – першы том дзённікаў і запісаў народнага паэта Беларусі, паведамляе  “TUT.BY”

Акрамя запісаў з нататнікаў і дзённікаў перыяду 1951–1969 гадоў у кнігу ўвайшлі вершы, якія не друкаваліся ў ранейшых зборніках, сяброўскія эпіграмы, віншаванні, дарчыя надпісы, а таксама малюнкі і аўтографы сяброў і знаёмых паэта.

Укладальніца “Дзённікаў” Наталля Давыдзенка, якой яшчэ пры жыцці Рыгор Іванавіч даверыў спарадкаваць яго запісы для перадачы на захаванне ў архіў, расказала, як апрацоўвала кожны нататнічак у пошуках унікальных словаў і мімалётных рыфмаў, з якіх потым нараджаліся папулярныя сёння вершы і паэмы. Праца Наталлі Давыдзенка ўжо ўвасобілася ў такіх выданнях, як “Вушацкі словазбор”, кніга ліставання Рыгора Барадуліна з маці “Паслаў бы табе душу…” і іншых. Але штуршком для стварэння “Дзённікаў і запісаў” стаў такі цікавы выпадак:

– Аднойчы Рыгор Іванавіч і Валянціна Міхайлаўна запрасілі мяне ў госці ва Ушачы, – кажа ўкладальніца кнігі. – Я прафесійным вокам пачала аглядаць усе нататнікі, кнігі і запісы Барадуліна, якія захоўваліся там. І сярод папер знайшла дзіцячы дзённік, які і распачынае новую кнігу! Гэтыя вельмі мілыя запісы рускамоўнага хлопчыка – 8-класніка. Калі чытаеш іх, складана ўявіць, што праз дзясяткі гадоў з яго вырасце народны паэт Беларусі.

Наталля Давыдзенка згадвае, што падчас працы (а збор нататак ішоў пад пільнай увагай самога Барадуліна) яны шмат смяяліся, а Рыгор Іванавіч часта сумняваўся, ці сапраўды камусьці гэта будзе цікава. А як жа іначай! “Дзённікі і запісы” – гэта і нататкі падлетка пра настаўніцу нямецкай мовы – “весьма умную добродушную старушку”, адзнакі па беларускай мове – “раздавали диктовки по белорусскому языку. Получил 5”. А таксама ўспаміны пра паездкі ў Латвію, Узбекістан, Хакасію.

Выданне аздобленае падрабязнымі каментарамі, якія цудоўна ілюструюць і тлумачаць нам той час. Гэта ператварае “Дзённікі” ў цікавую крыніцу не толькі для аматараў творчасці Рыгора Барадуліна і даследчыкаў-літаратуразнаўцаў, але і для прафесійных гісторыкаў.

Прэзентацыя “Дзённікаў і запісаў” адбудзецца падчас вечарыны з нагоды юбілею Рыгора Барадуліна 27 лютага ў Палацы мастацтваў.

Набыць першы выпуск “Дзённікаў і запісаў (1951–1969 гг.)” неўзабаве можна будзе ў наступных сталічных кнігарнях:
“Акадэмкніга” (пр-т Незалежнасці, 72); “Кнігарня логвінаЎ” (пр-т Незалежнасці, 37А); “Кніжны салон” (вул. Калініна, 5); “Кнігарня пісьменніка” (вул. Казлова, 2); “Веды” (вул. К.Маркса, 36); “Светач” (пр-т Пераможцаў, 11); “Цэнтральны кніжны” (пр-т Незалежнасці, 19); “Кнігі & кніжачкі” (пр-т Незалежнасці, 14); Кніжная выстава-кірмаш “Мир книг” (вул. Янкі Купалы, 27); “Эўрыка” (вул. Куйбышава, 75). І ў інтэрнэт-крамах knihi.by і prastora.by.

Кніга “Дзённікі і запісы (1951–1959)” выйшла намаганнямі МГА “Згуртаванне беларусаў свету “Бацькаўшчына” і ГА “Саюз беларускіх пісьменнікаў” у выдавецтве “Кнігазбор” у серыі “Бібліятэка Бацькаўшчыны” (“Людзі Беларусі”).

author avatar
Zhukouski Kastus
Только самое горячее

Закрепите на Pinterest

Translate »
Яндекс.Метрика