Знішчаную савецкімі ўладамі каталіцкую парафію Ўнебаўзяцця Божай Маці ў Гомелі адрадзілі два гады таму.
На пытанне гомельскіх каталікоў, якое паступіла на СМС-лінію гарвыканкама, пра тое, калі ў Савецкім раёне Гомеля будзе выдзелены ўчастак пад будаўніцтва касцёла, апублікаваны афіцыйны адказ: «У дадзены момант ідзе фарміраванне зямельнага ўчастка пад будаўніцтва касцёла з падпісаннем акта выбару».
Нагадаем, другі ў Гомелі каталіцкі храм мяркуецца пабудаваць на праспекце Кастрычніка ў раёне корпуса ГДТУ імя Сухога. Станоўчае рашэнне аб рэгістрацыі рыма-каталіцкай парафіі Унебаўзяцця Божай Маці было прынята на пасяджэнні камісіі Гомельскага гарвыканкама ў лютым 2013 года. На працягу апошніх двух гадоў афармляюцца дакументы, вырашаецца пытанне аб выдзяленні зямельнага ўчастка пад будаўніцтва касцёла, піша «katolik-gomel» .
Тым часам многія вернікі штодня моляцца аб больш хуткім пачатку ўзвядзення новага храма.
Касцёл Унебаўзяцця Божай Маці яшчэ з царскіх часоў размяшчаўся ў самым цэнтры Гомеля, на месцы цяперашняй плошчы Леніна (тады — Базарнай), прыкладна ў тым месцы, дзе цяпер стаяць драмтэатр і будынак Белтэлекама.
— У 1938 году парафію зачынілі савецкія ўлады, а ў 1940 годзе ўзарвалі храм. Мы павінны вярнуць гісторыю Гомеля і аднавіць гэтую парафію. Зараз ідзе размова аб выбары ўчастка. Гомель — другі горад пасля Мінска па колькасці насельніцтва і мае ўсяго адзін каталіцкі храм. Мы хочам пабудаваць класічны касцёл, усталяваць там арган, каб гомельцы маглі пачуць Баха, «Авэ Марыя». Без духоўнасці ідзе дэградацыя, грамадства мае патрэбу ў духоўным адраджэнні, — гаворыць дапаможны біскуп Пінскай дыяцэзіі Казімір Велікаселец, які займаецца адраджэннем парафіі.
Біскуп таксама адзначыў, што з Савецкага раёна вернікам вельмі далёка ехаць да адзінага цяпер дзеючага касцёла, таму менавіта тут плануецца будаўніцтва другога каталіцкага храма.