9 лютага ў Мінску адбылося ўручэнне літаратурнай прэміі «Залаты апостраф» за найлепшыя публікацыі ў часопісе «Дзеяслоў».
Лаўрэаты вызначаныя ў некалькіх намінацыях. У катэгорыі «Проза» пераможцам стаў Сяргей Дубавец з творам «Вайна і мір. Справаздача», у намінацыі «Паэзія» — Людка Сільнова, найлепшым дэбютантам прызнаны 24-гадовы паэт Мікіта Найдзёнаў. Прэміяй за высокі творчы ўнёсак у сучасную беларускую літаратуру адзначаны Ніл Гілевіч, пiша «БалаПАН«
Мікіта Найдзёнаў, пераможца ў намінацыі «Дэбют»: «Больш за ўсё ў мяне стаіць пытанне на тэму кахання. Гэтым я натхняюся. Я пішу не для прэміі, а таму, што пішацца. І, безумоўна, мне прыемна, што мае вершы ўбачаць тыя людзі, на вершах якіх я сам рос. Мне было б вельмі цікава, каб тыя паэты, якіх я сам чытаў, яны таксама заўважылі мяне, прычым не як зялёнага пачаткоўцу, а паставіліся да мяне як да новай плыні ў беларускай літаратуры. Я вершы пішу не першы год, я перамагаў не на адным літаратурным спаборніцтве. Але гэта не галоўнае. Галоўнае — тое, што нехта чытае твае вершы, ты сваімі вершамі трапляеш у кагосьці. Калі ты пішаш — гэта праўда — ты не можаш не пісаць. Не дзеля «краснага слаўца» або для Сяргея Дубаўца, а ты пішаш таму, што табе ёсць што сказаць».