Гран-пры «Лістапада» атрымаў жорсткі ўкраінскі фільм без словаў

Нашумелы фільм «Племя» рэжысёра Міраслава Слабашпіцкага сёлета ўзяў безліч узнагарод на міжнародных фестывалях і стаў першай за амаль чвэрць стагоддзя ўкраінскай карцінай, адзначанай у Канах. Журы нашага «Лістапада» таксама паддалося шокаваму ўздзеянню «Племені» і адарыла «золатам» у асноўнай намінацыі. У кінатэатры «Цэнтральны» прайшло некалькі паказаў.

plemya

Паказ быў незвычайным. Перад фільмам у зале панавала цішыня і адначасова ішло ажыўленае абмеркаванне: усе людзі ў кінатэатры размаўлялі паміж сабой на мове жэстаў. Аказаўшыся тут у меншасці, мы лавілі сябе на відавочнай думцы пра асобны закрыты свет беларусаў, мовы якіх мы не разумеем, а пра іх погляды, ідэі і жыццё нічога не ведаем. Калі на сцэну выйшла глуханямая акторка з Гомеля Яна Новікава, якая сыграла ў фільме галоўную ролю, гледачы віталі яе, узняўшы рукі і рухаючы ў паветры далонямі, – замест апладысментаў.

«Племя» – гэта фільм-крык, зняты без адзінага слова. У ім расказваецца пра жыццё падлеткаў у інтэрнаце для глухіх. Аднойчы сюды прыязджае навічок, што вымушаны спазнаць жорсткія правілы інтэрнатаўскай групоўкі, усе ўдзельнікі якой існуюць у рэжыме выжывання – крадучы, рабуючы, гандлюючы сваім целам.

Перад намі закрытая супольнасць, якая жыве нават не па законах племені, а па законах зграі – тут ёсць свае важакі, якія і самі камусьці падпарадкоўваюцца, тут пануе гвалт, а трымацца разам ёсць сэнс толькі таму, што так прасцей упаляваць ахвяру. У фільме ёсць некалькі ўмоўнасцяў, якія падкрэсліваюць поўную ізаляванасць гэтай супольнасці: у пачатку мы бачым школьную лінейку, усмешлівых святочных настаўнікаў і дырэктара, але далей карцінка скажаецца, і гэтыя людзі, як і ўвогуле любыя праявы адэкватнай школьнай будзённасці, больш у фільме не з’яўляюцца, саступаючы месца іншым дарослым, якія кантралююць і арганізоўваюць падлеткавыя злачынствы. Цікава, што маўчаць у фільме не толькі глухія гадаванцы інтэрната, але і людзі са знешняга свету. Дальнабоі без словаў запіхваюць у машыну прастытутак, мужыкі, на якіх нападаюць драпежныя падлеткі, маўкліва падаюць тварам уніз, а чарга ў пасольства ператвараецца ў неразборлівы гул. Такім чынам знешні свет паказаны не грэблівым альбо варожым, а проста другасным, з ім няма кантактаў, ён сюды не пранікае і з’яўляецца нечым накшталт няўцямнага фону.

«Ці зразумелі фільм людзі, якія чуюць?» – «агучыў» жэстамі праз перакладчыцу сваё пытанне хлопец з залы. Хоць дыялогаў звычайны глядач не разумее, але сюжэт робіцца відавочным. Бо героі размаўляюць на інтэрнацыянальнай мове, і гэта не мова жэстаў: яны гавораць на мове гвалту. Мы бачым, што агрэсія бывае без ляманту і праклёнаў, і ад гэтага, магчыма, робіцца толькі страшнейшай. Біць можна моўчкі, можна ціхмяна забіваць і гінуць, прыгнятаць кагосьці і трываць боль. Сцэна, дзе гераіня робіць аборт, проста невыносная. У ёй не паказваецца ні кроплі крыві, але якраз ад гэтай халоднай жорсткасці і нявыказанасці робіцца млосна.

plemya2

“Чаму рэжысёр абраў менавіта інтэрнат для глухіх?” – спытала жанчына з апошніх шэрагаў, а малады чалавек таксама на мове жэстаў пажартаваў, што цяпер, ідучы дадому пасля фільма, людзі, якія чуюць, будуць баяцца глухіх, бо тыя могуць абрабаваць ці згвалціць. Вядома ж, рэжысёр мог абраць для фільма абсалютна любы інтэрнат, мова жэстаў толькі ўзмацніла эфект адстароненасці і поўнай ізаляванасці, надала патрэбнай метафарычнасці. У фільме паказаная не супольнасць глухіх, а нейкае абстрактнае грамадства, у якім адбываюцца хваравітыя анамальныя з’явы, што спараджаюць гвалт. Падчас паказу ў актораў спыталі, ці не меў на ўвазе рэжысёр Украіну. Яны паціснулі плячыма: “Мы пра гэта не задумваліся, а ён нічога такога не казаў”. Насамрэч у сваіх інтэрв’ю Міраслаў Слабашпіцкі заўважае, што сцэнар пісаўся яшчэ да вядомых падзеяў, і яго сапраўды можна разглядаць як “метафару тых украінскіх рэалій, супраць якіх узняўся народ у мінулым годзе”.

Жанчына з першага шэрагу сказала, што фільм занадта жорсткі і шакавальны, і свет глухіх у ім паказаны вельмі страшна, што не адпавядае рэчаіснасці.

Фільм напраўду абсалютна беспрасветны. Рамантызаваны слоган карціны “Для любові і нянавісці не патрэбныя словы” не зусім пасуе, бо тут не бачна любові, яна выяўляецца хутчэй у сэксе на абшарпанай падлозе, у жаданні валодаць паводле тых жа звярыных законаў, а нянавісць галоўнага героя ўспрымаецца не як усвядомлены пратэст, а хутчэй як нейкае адчайнае шаленства, што проста выйшла з берагоў у адказ на чорную безнадзейнасць свету, з якім нічога немагчыма зрабіць, прасцей яго проста вынішчыць. Тым не менш праз гэтае маўклівае напружанне фільм апякае знутры, уздзейнічае рэзка і шокава, як удар токам, напэўна, у гэтым сакрэт яго поспеху.

plemya3

Усе ролі ў фільме выконвалі непрафесійныя глухія акторы. Гамяльчанка Яна Новікава трапіла ў фільм выпадкова, паехаўшы ў Кіеў па сваю мару. Дзяўчына заўжды ўпарта хацела стаць акторкай, але ў Беларусі выбар прафесій для глухіх людзей невялікі. Адвучыўшыся тры курсы ў машынабудаўнічым каледжы, яна кінула і занялася пошукам творчай спецыяльнасці. Тады даведалася пра кіеўскую «Вясёлку» – тэатр мімікі і жэстаў пры таварыстве глухіх. Прыехала туды паступаць, але ёй адмовілі праз тое, што яна не грамадзянка Украіны, затое там яе заўважыў Міраслаў Слабашпіцкі. Для здымак ёй давялося сесці на дыету. Сцэнар фільма акторам не выдаваўся: «Магчыма, каб мы не спужаліся», – дадае Яна. Акторы штораз рэпетавалі па адной сцэне, не ведаючы, што іх чакае далей. У фільме шмат эратычных сцэн, дзе Яне даводзілася здымацца аголенай. У інтэрв’ю Слабашпіцкі расказвае, што Яна адмовілася раздзявацца ў першай жа сцэне, і пераканаць яе ўдалося доўгімі ўгаворамі і пагрозамі, што інакш яна не стане зоркай, а таксама праглядам фільмаў кшталту «Жыццё Адэль». «Рэжысёр – геніяльны чалавек, – кажа Яна на прэзентацыі фільма, – ён, жорсткі і патрабавальны, мог прымусіць рабіць тое, што я не хацела. Але я пачала ўжо здымацца і не магла кінуць, часам цярпела, было складана, але гэта ж была мая мара». Бацькі дваццацігадовай акторкі ўвесь гэты час не бачылі фільма, але даведаўшыся пра ягоны змест, былі абураныя. Праўда, пасля поспеху на Канскім фестывалі пачалі ганарыцца. Апошнія паўгода Яна разам з астатняй здымачнай групай ездзіць па сусветных фестывалях, дзе фільм успрымаюць захоплена. На паказ у Мінску прыехаў яшчэ адзін актор, Аляксандр Сядзельнікаў, які граў у фільме адмоўную ролю (зрэшты, здаецца, там станоўчых і няма). Ён пагадзіўся з Янай у тым, што для іх гэты фільм быў важны, бо сваім прыкладам яны імкнуліся давесці, што глухія людзі могуць дасягаць розных вышыняў: “Хацелася сказаць, што сярод глухіх людзей ёсць таленты, яны могуць быць акторамі, сярод іх шмат моцных людзей”, – сказаў ён на мове жэстаў, а публіка адгукнулася апладысментамі – гучнымі і маўклівымі.

[su_slider source=”media: 10733,10734,10735,10736,10737,10738,10739″ limit=”30″ title=”no” pages=”no”]

[su_youtube url=”https://www.youtube.com/watch?v=ZgzGDJ0YYpM”]

Будзьма Беларусамі

author avatar
Zhukouski Kastus
Только самое горячее

Закрепите на Pinterest

Translate »
Яндекс.Метрика