Хрысціяне святкуюць Вербную нядзелю: галінкі – гэта сімвал жыцця верніка

Царква нагадвае, што ставіцца да асвечанай вярбы як абярэга, які нібыта ахоўвае дом ад бед – гэта паганства.

У гэтым годзе ў адзін дзень – 13 красавіка – і каталікі, і праваслаўныя адзначаюць Пальмавую нядзелю (у мясцовай традыцыі – Вербную). Гэта дзень ўрачыстага ўваходу Ісуса Хрыста ў Ерусалім, калі народ вітаў Яго і клаў пад ногі сваю вопратку і пальмавыя галіны, усклікаючы: «Гасанна! Дабраславёны, хто ідзе ў імя Гасподняе, Цар Ізраілеў!». Паколькі ў Беларусі пальмаў няма, у гэты дзень вернікі прыходзяць у храм з вярбовымі галінкамі, папараццю і іншымі букетамі.

Да свята хлопчыкі-скаўты гомельскай рыма-каталіцкай парафіі сабралі вербы, а дзяўчынкі-скауткі зрабілі з іх букеты і давалі вернікам за ахвяраванні.

Пробашч касцёла айцец Славамір адзначыў, што вербы павінны толькі быць сімвалам жыцця хрысціяніна, якое ён кладзе пад ногі Хрыста, аддае для служэння Яму.

– Паглядзіце, нічога не змянілася: як і той габрэйскі народ, мы ладзім базар у храме, шумім на Літургіі і галоўнае, што стараемся зрабіць, – асвяціць вербы. А трэба адкрыць сваё сэрца для Слова Божага, якое гучыць у храме, – заклікаў пробашч.

Царква нагадвае, што ставіцца да асвечанай вярбы як абярэга, які нібыта ахоўвае дом ад бед – гэта паганства.

Перад чытаннем з Евангелля Пакутаў Хрыстовых святар папрасіў вернікаў паставіцца да іх не як да мінулага, а як да сучаснасці і паспрабаваць убачыць сябе ў гэтых падзеях:

– Не так важна, кім ты сябе бачыш у Велікоднай гісторыі. Можа, ты Пілат – чыноўнік, дырэктар, начальнік, які мае ўладу і толькі слепа выконвае законы, але не следуе свайму сумленню – мые рукі. Пілат, ведаючы праўду, дзейнічаў так, каб спадабацца народу.

Можа, хто-небудзь убачыў сябе ў гэтым натоўпе – бо большасць людзей жыве ў натоўпе. Ёсць натоўп язычніцкі, а ёсць і натоўп каталіцкі. Ты схаваны, нідзе і ніколі галавы не высоўваеш, не вызнаеш веру. Маеш дома шмат абразоў, бясконца молішся, але не вызнаеш Ісуса сваім жыццём.

Магчыма, ты сярод апосталаў, якія разбегліся. Ты шмат гадоў у касцёле, ідзеш за Ісусам, але атрымалася так, што ў гэты Вялікі пост ты зламаўся, не абараніў веры, упаў.

Можа, ты той, хто крычыць, каб адпусцілі Варраву, а не Ісуса Хрыста. Ты прывык усяго дамагацца гвалтам, крыкам – у сваёй сям’і, на працы.

Ці ты з тых жанчын, якія плачуць па Ісусу. А Ён кажа: ня плачце па мне, але па сабе і па дзецях вашых! Магчыма, ты даўно ў царкве, але нікога з тваіх блізкіх і сяброў тут няма. Калі яны праз цябе не пазналі Хрыста – гэта сапраўдная трагедыя.

katolik-gomel.by

author avatar
Zhukouski Kastus
Только самое горячее

Закрепите на Pinterest

Translate »
Яндекс.Метрика