У Гомельскай вобласці ў бліжэйшы час плануецца пачаць актыўны знос дамоў і будынкаў у 16 населеных пунктах, дзе не засталося ніводнага жыхара. Аб гэтым паведаміла карэспандэнту БЕЛТА першы намеснік начальніка землеўпарадкавальнай службы аблвыканкама Людзміла Кулініч.
На жаль, доля сельскага насельніцтва ў рэгіёне пастаянна памяншаецца. З прычыны гэтага ў вёсках і пасёлках павялічваецца колькасць безгаспадарных, аварыйных і старых дамоў і будынкаў, у якіх ніхто не пражывае. У цяперашні час іх налічваецца каля 12 тыс. «Таму кіраўніцтва вобласці паставіла перад нашым ведамствам задачу максімальна актывізаваць работу па навядзенні парадку ў сельскіх населеных пунктах. У гэтым годзе плануем знесці 5,5 тыс. такіх дамоў. Гэта амаль на 70% больш, чым , напрыклад, у 2011 годзе», — адзначыла суразмоўніца.
Апроч навядзення належнага парадку ў вёсках і пасёлках, гэта яшчэ і дазваляе знізіць пажарную небяспеку і тым самым засцерагчы жылыя дамы, якія знаходзяцца побач. «Вызваленыя зямельныя ўчасткі перадаюцца ў карыстанне мясцовым гаспадаркам, якія залучаюць іх у сельскагаспадарчы абарот, ці лясгасам пад пасадку лесу. У першым паўгоддзі 2014 года рэанімавана каля 1 тыс. га такіх зямель», — сказала Людзміла Кулініч.
Усе працы па зносе пустуючых і старых дамоў у сельскай мясцовасці праводзяцца за бюджэтныя сродкі. У гэтым працэсе задзейнічана некалькі арганізацый і ведамстваў. Напрыклад, перш чым знесці будынак, неабходна выканаць адпаведныя юрыдычныя працэдуры адносна іх уладальнікаў альбо спадчыннікаў. На правядзенне саміх работ, асноўны аб’ём якіх выконваюць падраздзяленні абласнога ўпраўлення МНС, таксама патрэбныя ўзгадненні.
«Землеўпарадкавальная служба працуе ў шчыльным кантакце з усімі, хто мае дачыненне да вырашэння гэтай праблемы. У цэлым мы задаволены існуючым узаемадзеяннем і спадзяемся, што з часам у нас не застанецца дамоў, якія падлягаюць зносу», — канстатавала спецыяліст.