«1514» — настольны бой на Крапівенскім полі

Да 500-годзьдзя бітвы пад Воршай арт-студыя «PRAS» стварыла эпічную настольную гульню, якая называецца «1514».

Гульня складаецца з гульнявога поля, шасьці фігурак пяхоты, артылерыі і кавалерыі, 60 дапаможных картак з вайсковымі задачамі, кубіка для вызначэньня руху. Прыкладаюцца правілы гульні.

Кожны элемэнт дызайну зроблены паводле гістарычных дакумэнтаў: на гульнявым полі зьмешчаныя старажытны аршанскі замак, тагачасныя селішчы, млыны і вайсковыя намёты.

«Нашы дызайнэры ўзялі Google-мапу Крапівенскага поля і перамалявалі яе. А іншыя артэфакты — млыны, хаціны, вайсковыя намёты — малявалі згодна з гістарычнымі крыніцамі», — кажа дырэктар арт-студыі Мікалай Тамашэвіч.

Карткі з заданьнямі, якія трэба выконваць падчас гульні, дзеляцца на чорныя і чырвоныя. На чорных пазначаныя заданьні, якія спрыяюць гульцу, а на чорных — якія адсоўваюць яго ад перамогі. Усе заданьні зьмяшчаюць у сабе інфармацыю, якая грунтуецца на рэальных забабонах, падзеях і асаблівасьцях вайсковай справы сярэднявечча Ўсходняй Эўропы.

«Мы выкарысталі некаторыя тагачасныя забабоны. Напрыклад, ёсьць чорная картка з камэтай, якая цягне за сабой падзеньне баявога духу ў войска. Ці картка са статкам зуброў, які значыць, што войска спыняе бой і ідзе на паляваньне», — кажа Мікалай Тамашэвіч.

gylnya

Арт-студыя «PRAS» займаецца распрацоўкай сайтаў і мабільных дадаткаў. Гульня «1514» была выпушчаная не з камэрцыйных мэтаў:

«Гэта ня бізнэс. Гульню мы зрабілі для сябе і для людзей, каб яны памяталі гісторыю Беларусі і, у прыватнасьці, такую слаўную яе старонку, як бітва пад Воршай», — адзначыў дырэктар.

Настолка прызначаная для людзей ад 6 гадоў, сярэдні час гульні — 45 хвілін, колькасьць гульцоў — 2, 4 альбо 6.

Прадаваць гульню пачнуць на пачатку верасьня, а прэзэнтацыя пройдзе 8 верасьня 2014 году ў кнігарні «ЛогвінаЎ», дзе настолку можна будзе набыць і надалей.

gylnya2

8 верасьня 1514 году адбылася адна з найбольш важных вайсковых перамогаў беларускага войска: пад кіраўніцтвам гетмана Канстанціна Астроскага армія ВКЛ разграміла ўтрая большае войска маскоўцаў на рэчцы Крапіўна, што пад Воршай.

 

svaboda.org

Закрепите на Pinterest

Translate »
Яндекс.Метрика