10 лютага 1883 нарадзіўся Станіслаў Булак-Балаховіч

10 лютага 1883 году нарадзіўся самы вядомы айчынны васковы дзеяч першай паловы ХХ ст., кіраўнік арміі БНР, і, па сутнасці, першы беларускі генерал навейшага часу. Дзякуючы ягонаму таленту і нязломным перакананням Беларуская Народная Рэспубліка мела сваё войска і магла адстойваць пазіцыі незалежнасці краіны не толькі дыпламатычным шляхам, але і на полі бою.

Вайсковую кар’еру Станіслаў Булак-Балаховіч пачынаў яшчэ ў расейскім імперскім войску ў 1914 годзе. Пасля рэвалюцыі некаторы час кіраваў палком Чырвонай арміі, але неўзабаве перайшоў да Белых. Калі навіна пра стварэнне незалежнай БНР даляцела да Пскоўшчыны, беларус і шчыры патрыёт сваёй Радзімы разважаў не доўга.

14 лістапада 1919 Станіслаў Булак-Балаховіч склаў просьбу пра атрыманне беларускага грамадзянства і прыняцце яго вайсковага аддзела на службу БНР. У лістападзе 1919 вайсковыя фарміраванні пад кіраўніцтвам С. Булук-Балаховіча атрымалі афіцыйнцую назву, як «Асобны аддзел войскаў БНР у Балтыі». 26 лістапада Асобны аддзел, паводле дамовы беларускіх дыпламатаў з урадам Эстоніі, прыняты на часовае ўтрыманне Эстоніі, фінансавыя выдаткі залічаны ў якасці дзяржаўнай пазыкі БНР. У лістападзе—снежні Балаховіч са сваім войскам заняў частку фронту з чырвонымі каля Ізборску, паміж эстонскай і латышскай арміямі. У студзені-лютым 1920 у сувязі з вядзеннем перамоў Эстоніяй і Латвіяй з савецкай Расіяй, размясціўся ў Марыенбургу (Латвія).

22 студзеня 1920 Асобны аддзел юрыдычна ўключаны Радаю БНР у склад беларускага войска. Паводле дамовы ўрадаў Польскай Рэспублікі і БНР, у складзе польскага войска мела быць сфарміравана войска Беларускай Народнай Рэспублікі. 23 лютага паводле дамовы заключанай у Рызе, армія Балаховіча уваходзіла ў склад польскага войска. Тады Аддзел налічваў 884 афіцэры і салдаты. 5 сакавіка Станіслаў Булак-Балаховіч са сваімі жаўнерамі былі транспартыраваныя з Марыенбурга ў Дзвінск. Адтуль перавезены ў Брэст. 21 чэрвеня з Эстоніі і Латвіі ў Брэст перавезена яшчэ каля 200 салдат.

Аддзел пад камандаваннем генерала Станіслава Булак-Балаховіча змагаўся на польскім баку ад імя беларускага ўрада Антона Луцкевіча. 12 кастрычніка Павел Аляксюк, які выконваў абавязкі старшыні Беларускага палітычнага камітэта, падпісаў пагадненне з генералам Булак-Балаховічам, згодна з якім Камітэт меўся весці вярбоўку ў беларускае войска. Яго камандзірам мусіў быць Булак-Балаховіч. Са свайго боку ён абавязваўся дапамагаць дзейнаму ад імя ўрада А. Луцкевіча камітэту пераймаць цывільную ўладу на занятых яго войскам абшарах Беларусі.

Генерал Булак-Балаховіч, паралізуючы тылы Чырвонай Арміі, паспрыяў польскім войскам у контрнаступе ў верасні 1920. Спрабаваў ён, згодна з дамоўленасцю з Ю. Пілсудскім, ваяваць з Савецкай Расіяй і пасля перамір’я на польска-савецкім фронце ў кастрычніку 1920. Увосень армія Булак-Балаховіча налічвала амаль 15 тыс. салдатаў. 10 лістапада яго аддзелы захапілі Мазыр і рыхтаваліся да наступу на Мінск і Гомель. У Мазыры С. Булак-Балаховіч пракламаваў незалежнасць Беларускай Народнай Рэспублікі, сябе абвясціў «начальнікам Беларускай Дзяржавы», а Беларускі палітычны камітэт — урадам БНР. Прэм’ер-міністрам новага ўрада стаў Вячаслаў Адамовіч. Ад імя свайго кабінета ён выдаў маніфест да беларускага народа, у якім гаварылася пра далейшую барацьбу за незалежнасць Беларусі ў хаўрусе з Польшчай, правядзенне аграрнай рэформы разам з адчужэннем вялікай зямельнай уласнасці і скліканне нацыянальнага прадстаўніцтва дзеля акрэслення дзяржаўнага ладу. Пасля баёў, якія цягнуліся некалькі дзён, аддзелы Булак-Балаховіча пад націскам Чырвонай Арміі мусілі адступіць на тэрыторыю Польшчы, дзе і былі інтэрніраваныя.

Генерал Станіслаў Булак-Балаховіч пасяліўся ў Варшаве. Займаўся палітычнай дзейнасцю. Падчас Польскай абарончай вайны стаў на чале добраахвотнага атраду, які ўдзельнічаў у абароне Варшавы ў верасні 1939. Загінуў генерал пры спробе арышту гестапаўцамі ў Варшаве 10 мая 1940.

bulak balahovich bulak balahovich2 bulak balahovich3 bulak balahovich4 bulak balahovich5 bulak balahovich6 bulak balahovich7

author avatar
Zhukouski Kastus
Только самое горячее

Закрепите на Pinterest

Translate »
Яндекс.Метрика